2014-05-25 11:16:43

Папа да палестынцаў і ізраільцянаў: мір – прадумова для развіцця і вырашэння праблем


RealAudioMP3 З адвагай і рашучасцю аднавіць імкненне да міру, заклікаў папа Францішак палестынскі і ізраільскі народы, а таксама іх палітычнае кіраўніцтва. Мір, на яго думку, можа стаць кропкай апоры для пераадолення і вырашэння праблем, і магчымасцю для ўраўнаважанага развіцця, якое стане прыкладам для іншых канфліктных тэрыторый. Святы Айцец звярнуўся з прамовай да прадстаўнікоў палестынскіх уладаў і членаў дыпламатычнага корпусу, з якімі сустрэўся 25 мая 2014 г. у Бэтлееме. Канфлікт на Блізкім Усходзе на працягу дзесяцігоддзяў наносіць шматлікія раны, заўважыў Папа. Нестабільная сітуацыя і непаразуменне паміж бакамі, на яго думку, прыводзяць да небяспекі, парушэння правоў, ізаляцыі і міграцыі цэлых супольнасцяў, пакутаў рознага кшталту. Зараз настаў час пакласці канец гэтай сітуацыі, якая становіцца ўсё больш і больш непрымальнай, адзначыў Святы Айцец і дадаў, што гэта неабходна зрабіць дзеля агульнага дабра.

Францішак заклікаў падвоіць намаганні па вяртанні трывалага міру, які базуецца на прызнанні правоў кожнай асобы і ўзаемнай бяспецы. “Адвага міру” грунтуецца на прызнанні з боку ўсіх права абедзвюх дзяржаў на існаванне і клопат аб спакоі і бяспецы ў рамках межаў, прызнаных міжнароднай супольнасцю, адзначыў Папа. Гэта, паводле яго, прынясе незлічоныя карысці для народаў рэгіёна і ўсяго свету.

Францішак заклікаў мясцовыя хрысціянскія супольнасці рабіць свой унёсак у супольнае дабро палестынскага грамадства ў якасці паўнапраўных грамадзян краіны. Ён заўважыў, што нядаўняя сустрэча ў Ватыкане з палестынскім лідэрам і цяперашні візіт у Святую Зямлю сведчаць пра добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Палестына. Папа пажадаў, каб яны ўмацоўваліся і адзначыў важнасць заключэння дыпламатычнага пагадення паміж бакамі, у якім павінна звяртацца ўвага на каштоўнасць прынцыпу рэлігійнай свабоды – адной з неад’емных умоў для міру, братэрства і гармоніі.








All the contents on this site are copyrighted ©.