2014-05-25 16:20:41

Пантыфік заклікаў да прызнання правоў палестынцаў


RealAudioMP3 Пантыфік заклікаў, каб Іерусалім заставаўся “горадам міра” і перастаў быць месцам працяглых канфліктаў. Падчас прывітальнай цырымоніі ў Міжнародным аэрапорце Тэль-Авіва 25 мая 2014 г., куды Папа прыбыў пасля палестынскай часткі свайго падарожжа па Святой Зямлі, ён выступіў з просьбай да палітыкаў “зрабіць усё магчымае для пошуку справядлівых рашэнняў складаных праблем, каб ізраільцяне і палестынцы маглі жыць у міры”. Святы Айцец нагадаў, што не існуе альтэрнатывы для шляху дыялога, паяднання і міру. Ён адзначыў, што “дзяржава Ізраіль мае права на існаванне і жыццё ва ўмовах міру і бяспекі ў міжнародна прызнаных межах”. Але таксама “павінна прызнавацца тое, што палестынскі народ мае права на суверэнную радзіму, годнае жыццё і свабоднае перамяшчэнне”. “Няхай рашэнне пытання “дзвюх дзяржаў” стане рэальнасцю, а не застаецца толькі марай”, - сказаў Францішак.

Пантыфік прызнаўся, што асабліва хвалюючым для яго момантам падчас знаходжання ў Ізраілі будзе візіт у мемарыяле Халакоста “Яд ва-Шэм”. Ён заклікаў, каб падобныя злачынствы больш ніколі не паўтараліся ў гісторыі чалавецтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.