2014-05-24 13:56:23

Святы Айцец: хрысціяне – неад’емная частка блізкаўсходніх грамадстваў


RealAudioMP3 Папа Францішак нагадаў, што хрысціяне жывуць на тэрыторыі Іарданіі яшчэ з “апостальскіх часоў” і робяць свой каштоўны ўнёсак на карысць супольнага дабра краіны. Святы Айцец звярнуўся 24 мая 2014 г. да больш чым 300 прадстаўнікоў кіраўніцтва іарданскага каралеўства, членаў дыпламатычнага корпусу і рэлігійных лідэраў, з якімі сустрэўся ў Каралеўскім палацы ў Амане. Паводле Пантыфіка, вызнаўцы Хрыста з’яўляюцца неад’емнай часткай грамадстваў блізкаўсходняга рэгіёну і жадаюць удзельнічаць у іх будаванні разам са сваімі мусульманскімі суграмадзянамі. Нягледзячы на сваю нешматлікасць, хрысціяне ажыццяўляюць сваю каштоўную дзейнасць, перш за ўсё, у адукацыйнай і медыцынскай сферах, у школах і бальніцах, нагадаў Францішак. Ён пажадаў, каб на Блізкім Усходзве і ва ўсім свеце яны маглі спакойна вызнаваць сваю веру.Папа выказаў падзяку іарданскім уладам за шчодрую гасцінасць, аказаную вялікай колькасці бежанцаў з Палестыны, Іраку, Сірыі і іншых краін. “Такая гасціннасць заслугоўвае на павагу і падтрымку міжнароднай супольнасці”, - сказаў ён і дадаў, што Касцёл таксама, паводле сваіх магчымасцяў, намагаецца дапамагаць бежанцам і ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.

Асаблівую падзяку Пантыфік скіраваў каралю Іарданіі Абдале ІІ за спрыянне “адпаведнаму разуменню каштоўнасцяў, якія абвяшчаюцца ісламам, і спакойнаму суінаванню паміж вернікамі розных рэлігій”. Францішак высока ацаніў ініцыятывы Іарданіі на карысць міжрэлігійнага дыялогу і большага ўзаемаразумення паміж юдэямі, хрысціянамі і мусульманамі.

Святы Айцец адзначыў уклад іарданскіх уладаў у пошуку шляхоў устанаўлення трывалага міру ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне і падкрэсліў, што ў гэтым кантэксце, як ніколі, неабходным і тэрміновым з’яўляецца мірнае вырашэнне сірыйскага крызісу і справядлівае рашэнне ізраільска-палестынскага канфлікту.








All the contents on this site are copyrighted ©.