2014-05-24 15:21:14

Пантыфік падчас св. Імшы ў Амане заклікаў да будавання міру


RealAudioMP3 Святы Дух рыхтуе, намашчае і адпраўляе нас у свет, каб мы былі пасланнікамі і сведкамі міра, адзначыў папа Францішак 24 мая 2014 г. падчас Эўхарыстыі, якая прайшла на тэрыторыі Міжнароднага стадыёна ў іарданскім Амане, размешчанага недалёка ад месца, дзе Святы Дух сышоў на Хрыста пасля Яго хросту ў рацэ Ярдан. Пантыфік прапанаваў паразважаць пра тое, што Святы Дух учыніў у Езусе і што чыніць у чалавеку. Папа адзначыў, што Святы Дух, сыходзячы на Хрыста, рыхтаваў Яго да місіі збаўлення, якую мог выканаць толькі пакорны і лагодны слуга, гатовы да дзялення з іншымі і поўнага аддання самаго сябе. Святы Дух рыхтываў Месію да сустрэчы з Яго народам, да разумення таго, што адметнасці, гэта не перашкода – але багацце. Акрамя таго, Святы Дух унутрана намашчаў Езуса і вучняў, каб мелі тыя ж пачуцці, што і Збаўца, і маглі спрыяць спакою і адзінству. “Праз намашчэнне Духа, наша чалавечнасць пазначаецца святасцю Езуса Хрыста і робіць здольнымі любіць братоў той самай любоўю, якой Бог нас любіць”, - сказаў Папа. Ён заклікаў вернікаў да жэстаў пакоры, братэрства, прабачэння і прымірэння, таму што яны з’яўляюцца прадумовай сапраўднага міра – моцнага і трывалага.

Езус быў Пасланнікам, поўным Духа Айца, адзначыў Пантыфік. Намашчаны тым самым Духам кожны вернік пакліканы быць пасланнікам і сведкам супакою. Яго не магчыма набыць – яго трэба цярпліва шукаць і будаваць праз маленькія і вялікія жэсты ў штодзённым жыцці, адзначыў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа, каб падрыхтаваў сэрцы на сустрэчу з братамі, незалежна ад іх поглядаў, мовы, культуры, рэлігіі; каб намашчаў алеем сваёй міласэрнасці, які залечвае раны, нанесеныя памылкамі, непаразуменнем і супярэчнасцямі; каб кіраваў з пакорай і лагоднасцю па цяжкіх, але плённых сцяжынках у пошуку міра.








All the contents on this site are copyrighted ©.