2014-05-23 13:22:05

ХХ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні ў Мінску: Еўропа патрабуе хрысціянскай душы


RealAudioMP3 У Мінску распачаліся ХХ Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні, прысвечаныя Дням славянскага пісьменства і культуры. Удзел у мерапрыемстве прымаюць вядомыя тэолагі, філосафы, культуролагі, гісторыкі і філолагі з Беларусі, Украіны, Германіі, Расіі і іншых краін, прадстаўнікі Цэркваў і дзяржаўных уладаў Беларусі. Юбілейныя чытанні прысвечаныя тэме “Хрысціянства ў еўрапейскай і сусветнай гісторыі”. Кіраўнік цэнтра міжнародных сувязяў “Інстытута тэалогіі”, які праводзіць сімпозіум, Грыгорый Даўгяла адзначыў, што навуковы форум мае таксама і практычнае напаўненьне.

“Усе тэмы нашых Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў звязаныя ня толькі з тэарэтычнымі даследаваннямі ў галіне філасофіі, багаслоўя, рэлігіязнаўства, але і практычнымі, грамадска-значнымі пытаннямі. Гэтак і цяперашняя канферэнцыя прысвечаная аналізу вынікаў ХХ стагоддзя ў галіне богаслоўя і культуры пасля Першай Сусветнай вайны. Гэтая падзея паўплывала на падзел ў развіцці цывілізацыі ў ХХ стагодздзі ўцэлым. Гэта быў пэўны падзел і ў богаслоўі: менавіта тады богаслоўе павярнулася ў бок антрапалагічнай тэматыкі – што такое чалавек, якія адносіны з Богам, чаму Бог дазваляе такія цярпенні чалавека. Вось гэтыя пытанні сучаснага свету з ягонай глабалізацыяй будуць абмяркоўвацца і дыскутавацца на гэтай канферэнцыі. Таму мы лічым яе актуальнай і важнай”, сказаў ён.

Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла – сталыя ўдзельнікі Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў. Сёлета з прывітальным словам да ўдзельнікаў сімпозіўму звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У прамове, якая прагучала ў кантэксце галоўнай тэмы канферэнцыі, арцыпастыр адзначыў, што палітыка-эканамічнае развіццё краін Еўропы без духоўных асноваў ня здолее задаволіць усе патрэбы і чаканні жыхароў кантыненту, у тым ліку беларусаў. Сёння, як ніколі, еўрапейцы маюць патрэбу ў хрысціянскай душы: ня толькі Еўрасаюз, увесь свет, але і наша краіна Беларусь. Важнае значэнне ў практычнай рэалізацыі гэтай патрэбы мае таксама дзяржава, падкрэсліў Тадэвуш Кандрусевіч.

“Хрысціянства зрабіла вельмі вялікі ўнёсак у развіццё беларускай культуры, культуры нашай зямлі. Дастаткова толькі крыху праехаць па Беларусі, каб пабачыць колькі знакаў хрысціянскай культуры, у тым ліку – каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай, лютэранскай. Мы бачым касцёлы, цэрквы, кірхі, крыжы, фігуры, капліцы. Часам бачым іх побач: крыжы каталіцкі і праваслаўны. Гэта ўсё знакі хрысьціянства і шматнацыянальнасці, бо тут здаўна жылі людзі розных нацыянальнасцяў. Вядома, шмат што было знішчана і зараз гэта варта было б сістэматызаваць і адрадзіць. Канешне, не ўсё магчыма аднавіць, бо шмат чаго знішчана цалкам. Шмат дзе ёсць і касцёлы, і цэрквы, але вернікаў не засталося. Мне падаецца, што дзяржава павінна больш дапамагаць, калі мы хочам захаваць гэтую культуру. Каб гэтыя парэшткі, якія засталіся, маглі быць захаванымі надалей, бо яны ўжо прыйшлі ў нягоднасць і працягваюць разбурацца. У тых месцах, дзе яшчэ ёсць такая магчымасць, гэта неабходна адраджаць. Як прыклад таму – мы бачым як адраджаецца Будслаўская святыня, Нясвіжская, іншыя святыні. Гэта памяць аб якой трэба клапаціцца, бо калі мы забудземся на сваю гісторыю, то ў нас ня будзе будучыні. А хацелася, каб яна была”, - адзначыў іерарх.

Тэмамі канферэнцый і круглых сталоў у рамках форуму стануць таксама пытанні ўзаемаадносінаў Цэркваў і грамадства, Цэркваў і дзяржавы, а менавіта – пашырэньне ўдзелу Цэркваў у грамадскім жыцці, у тым ліку выкладанне ўрокаў рэлігіі ў школах. Таксама тэмай абмеркавання стане міжрэлігійны дыялог ў шматканфесійнай прасторы Беларусі. Важнасьць міжканфесійнага добрасуседства, якое ў Беларусі было здаўна, асабліва важнае значэнне набывае ў нашыя часы, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Знак таго, што мы знаходзімся тут разам, нагадвае аб тым добрым клімаце, аб тым, аб чым марыў і заўсёды казаў св. Ян Павел ІІ, што Еўропа павінна дыхаць двумя лёгкімі: Заходнім хрысціянствам і Усходнім хрысціянствам. І гэта прыклад для ўсяго нашага грамадзтва, бо ў яго таксама ўліваюцца секулярныя тэндэнцыі праз інтэрнэт і іншыя медыя. Але калі мы разам кажам, што мы за здаровы хрысціянскі лад жыцця, наш голас становіцца мацнейшым. І спадзяёмся, што больш людзей зверне ўвагу на гэта”, падкрэсліў Мітрапаліт.

Фотавыстава “Паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі: сем’і і лёсы”, якая адклылася ў рамках ХХ Міжнародных Кірыла-Мяфодзьеўскіх чытанняў, працягняе сваю працу і па завяршэнні форуму.

Каміла Фаўстовіч, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.