2014-05-23 16:15:03

Твор Дастаеўскага – адзін з любімых у Папы


RealAudioMP3 “Кніга забароненая Берголіа” – пад такім загалоўкам ватыканская газета “L’Osservatore Romano” апублікавала ўспаміны аднаго з былых студэнтаў Пантыфіка, аргентынскага журналіста і пісьменніка Хорхэ Міліа. Ён прызнаўся, што будучы падлеткам імкнуўся рабіць усё тое, што яму не раілася дарослымі і менавіта ў гэты перыяд, шукаючы якую-небудзь цікавую кнігу ў бібліятэцы, яму патрапіліся “Запіскі з падполля” Фёдара Дастаеўскага. Побач праходзіў будучы Папа, які ў той час быў выкладчыкам літаратуры ў адным з каледжаў Буэнас-Айрэса і ўбачыўшы ў руках юнака твор рускага класіка сказаў: “Не раю табе чытаць Дастаеўскага і тым больш гэту кнігу”. “Яна дрэнная?”, - спытаў падлетак. “Не, наадварот, вельмі цікавая”, адказаў Берголіа дадаўшы, аднак, што яна “крыху прыгнятаючая” для юнака такога маладога ўзросту. Тым не менш будучы Пантыфік кінуў за развітанне: “Рабі як ведаеш!”. Для цікаўнага падлетка гэта была дасканалая пастка. Пазней ён даведаўся, што “Запіскі з падполля” – гэта адна з самых любімых кніг папы Францішка.

Успаміны пра гэту кнігу былі надрукаваны ў сувязі з яе перавыданнем ў рамках супольнага праекту італьянскай газеты “Corriеre della sera” і езуіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica” пад назвай “Бібліятэка папы Францішка”. У гэтай серыі выпускаюцца любімыя кнігі Пантыфіка з каментарамі і сведчаннямі людзей, знаёмых са Святым Айцом. Акрамя Дастаеўскага тут будуць выдадзены творы Хорхэ Луіса Борхеса, св. Ігнацыя Лаёлы, Фрыдрыха Гёльдэрліна, Джэрара Мэнлі Хопкінса, св. Аўгустына і многіх іншых. На думку выдаўцоў, знаёмства з любімымі літаратурнымі творамі Папы дапаможа лепш зразумець яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.