2014-05-23 10:22:42

Арцыбіскуп Хон Тай-Фай у Мінску: Евангелле змяняе тых людзей, якія маюць адкрытыя сэрцы


RealAudioMP3 Працягваецца візіт у Беларусь арцыбіскупа Савіо Хон Тай-Фая – сакратара Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Напярэданні ватыканскі іерарх узначаліў св. Імшу ў мінскім архікатэдральным Касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Высокі госць упершыню ў краіне, уяўленне аб мясцовым Касцёле меў і раней. “Канешне, я ведаў, што Касцёл у Беларусі вельмі жывы, а народ будуе сваю краіну годным захаплення чынам”, - прызнаўся іерарх у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Але зараз, у бліжэйшыя дні, ён зможа на свае вочы ўбачыць жыццё католікаў Беларусі. Візіт, адзначыў арцыбіскуп, у першую чаргу, мае пастырскі характар.

Іерарх, сам салезіянін, прыбыў з нагоды 25-годдзя служэння салезіянскай супольнасці ў Смаргоні. Задачы Кангрэгацыі, у якой працуе арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, несці Евангелле і ажыццяўляць місійную дзейнасць на той тэрыторыі, дзе ніколі не было Касцёла. І хоць хрысціянства на беларускай зямлі існавала гістарычна, усё ж размаўляць ёсць аб чым. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у Беларусі, як і на радзіме арцыбіскупа Савіо Хон Тай-Фая, добра ведаюць, што такое пераслед веры. Нават сцены мінскай архікатэдры, якая толькі ў 1990-я гады была вернута Касцёлу, памятаюць аб гэтай сумнай старонцы. Але сёння Касцёл развіваецца і наладжвае добрыя адносіны з дзяржавай. Аб гэтым таксама ватыканскі госць 21 мая 2014 г. размаўляў з міністрам замежных спраў.

“Перш за
ўсё, мы абмяняліся думкамі на тэму сувязяў, якія склаліся паміж Святым Пасадам і гэтай паважанай краінай. Таксама мы размаўлялі аб справах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс. У Беларусі існуе працяглая хрысціянская традыцыя, з якой вынікаюць каштоўнасці, з якімі мы можам працаваць. Трэцяй тэмай быў той фундамент сяброўства, на якім можна будаваць адносіны. З палітычнага боку існуе добрая воля ўзаемнага супрацоўніцтва з рознымі складаючымі грамадства. І гэта тое, чым можна ганарыцца – агульныя інтарэсы для будучыні народу”, - адзначыў арцыбіскуп Хон Тай-Фай.

“Ідзіце і навучайце ўсе народы” – гэтыя словы Хрыста ў адрас апосталаў нагадалі ў мінскай катэдры, сёння яны актуальныя не толькі ў місійнай працы, увага да новай евангелізацыі ў Каталіцкім Касцёле з гісторыяй і традыцыямі павінна быць не меншай, чым “у чыстым полі”. Гэта штодзённая праца, якая будуецца на трох кітах, адзначыў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай: “Перш за ўсё – сведчанне. Народ, які жадае ісці за Хрыстом, атрымлівае радасць. Другая рэч – гэта ўвага да моладзі. Трэцяя – Евангелле само ў сабе мае энергію, унутраную моц, якая змяняе людзей, што маюць адкрытыя сэрцы. Пры гэтых умовах з’явяцца плёны”.

На гэтым знаёмства з Каталіцкім Касцёлам Беларусі толькі пачынаецца. 24-25 мая арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай прыме ўдзел у сімпозіуме, прысвечаным 25-годдзю служэння салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, прачытае даклад і ўзначаліць урачыстую літургію.

Ларыса Абрамчук, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.