2014-05-22 15:10:04

Кардынал Дзяржсакратар падзяліўся думкамі пра падарожжа Папы ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін спадзяецца, што візіт папы Францішка ў Святую Зямлю дасць імпульс палітыкам і ўсім людзям добрай волі для прыняцця мужных рашэнняў на карысць міру. Пра гэта пурпурат расказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру напярэдадні пілігрымкі Пантыфіка на радзіму Хрыста, якая адбудзецца 24-26 мая 2014 г. Гаворачы пра пра ізраільска-палестынскія адносіны, кардынал Паралін адзначыў, што Апостальская Сталіца прызнае права Ізраіля на існаванне і клопат аб міры і бяспецы ўнутры сваіх межаў, прызнаных міжнароднай супольнасцю. Адначасова, Святы Пасад прызнае права палестынцаў, на тое, каб “мець айчыну, суверэнную і незалежную, мець права на свабоднае перамяшчэнне і годнае жыццё”. Апостальская Сталіца жадае таксама прызнання сакральнага і ўніверсальнага характару Іерусаліма, яго культурнай і рэлігійнай спадчыны, і, такім чынам, прызнання важнасці гэтага месца для вернікаў трох монатэістычных рэлігій, адзначыў кардынал Паралін. На яго думку, Папа будзе настойваць менавіта на гэтых пазіцыях, якія адпавядаюць “палітыцы” Святога Пасаду ў адносінах да ізраільска-палестынскага канфлікту.

Каментуючы экуменічны аспект падарожжа Святога Айца, пурпурат падкрэсліў, што Касцёл адкрыўся на адносіны з іншымі канфесіямі падчас ІІ Ватыканскага Сабору, але па-сапраўднаму фундамнатьным імпульсам для экуменізму стала сустрэча паміж папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам у 1964 г. Яна, на думку кардынала Параліна, паказала, што “часам жэсты патрэбны больш за словы, яны больш красамоўныя за словы”. Ён выказаў спадзяванне, што сустрэча Францішка з Патрыярхам Барталамеем І ажывіць энтузіязм у гэтай сферы.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы лічыць, што падчас свайго падарожжа ў Святую Зямлю Пантыфік нагадае мясцовым вернікам пра важнасць іх прысутнасці ў рэгіёне, для таго, каб сакральныя месцы не пераўтварыліся ў музеі і для спрыяння пабудове свабодных, справядлівых і дэмакратычных грамадстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.