У Ватыкане прадставілі сусветную манаскую ініцыятыву супраць гандлю людзьмі
Практыка гандлю людзьмі
па-ранейшаму набірае абароты. У некаторых частках свету ў цяперашні час яна больш
даходная, чым абарот наркотыкаў. Паводле ацэнак, прыбытак гандляроў перавышае 32 млрд.
амерыканскіх долараў у год. Гэтыя драматычныя даныя былі прыведзены на канферэнцыі,
прэзентуючай у Ватыкане акцыю пад назвай “Гуляй для жыцця. Выяві практыку гандлю людзьмі”.
Ініцыятыва звязана з Чэмпіянатам свету па футболе, які хутка распачнецца ў Бразіліі.
Яе прасоўвае арганізацыя з біблійнай назвай “Talita kum”. Гэта сусветная манаская
сетка па барацьбе з гандлем людзьмі. Яе прадстаўнікі нагадваюць, што масавыя спартыўныя
мерапрыемствы з’яўляюцца не толькі вялікімі святамі, але і магчымасцю для выкарыстання
людзей.
Каардынатар акцыі сястра Габрыэла Батані нагадала, што ў Бразіліі з’ява
гандлю людзьмі вельмі распаўсюджаная. Ахвяры з гэтай краіны часта трапляюць на міжнародныя
рынкі. Дзяцей і дзяўчат крадуць ці падманваюць ілжывымі абяцаннямі працы або лепшага
жыцця. Кубак свету – гэта не толькі значнае пашырэнне рынку сексуальных нявольнікаў,
але і магчымасць ажыццяўляць незаконныя ўсынаўленні і гандаль органамі для трансплантацый.
Сваю
дзейнасць сусветная сетка па барацьбе з гандлем людзьмі факусуе на звароце ўвагі грамадскасці
на гэту практыку праз СМІ і сацыяльныя сеткі. Ёсць так званы “зялёны тэлефон”, на
які можна паведаміць пра выпадкі жорсткага абыходжання і звярнуцца па канкрэтную дапамогу.
Ініцыятыву падтрымаў бразільскі епіскапат, які сваю апошнюю “Кампанію Братэрства”
прысвяціў менавіта гэтай балючай праблеме. Папа Францішак лічыць, што гандаль людзьмі
– гэта сапраўдны біч і адкрытая рана сучаснасці.