2014-05-21 10:58:52

Пантыфік: міжрэлігійны дыялог не можа рэлятывізаваць хрысціянскай веры


RealAudioMP3 Следствам міжрэлігійнага дыялогу не можа быць рэлятывізацыя хрысціянскай веры, адзначыў папа Францішак у сваім звароце з нагоды 50-й гадавіны Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Пантыфік нагадаў, што гэта было ясна сфармулавана з самага пачатку, калі Павел VI заснаваў гэту дыкастэрыю. Вядзенне міжрэлігійнага дыялогу не азначае адмовы ад глыбокага жадання абвяшчаць усім радасць сустрэчы з Хрыстом. Францішак звярнуў увагу, што стварэнне Сакратарыяту па справах не-хрысціян, папярэдніка Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, адбылося ў кантэксце ІІ Ватыканскага Сабору, калі Касцёл кіраваўся шчырым жаданнем сустрэчы і дыялогу з усім чалавецтвам.

Святы Айцец адзначыў, што і сёння Касцёл хоча суправаджаць кожнага чалавека, як Хрыстус суправаджаў вучняў з Эмаус. Такая гатоўнасць ісці разам яшчэ больш неабходна ў наш час, адзначаны глыбокім і ніколі дагэтуль невядомым узаемадзеяннем паміж рознымі народамі і культурамі. Пантыфік запэўніў, што Касцёл заўсёды будзе браць удзел у дыялогу і паглыбляць супрацоўніцтва з усімі, хто належыць да іншых рэлігійных традыцый і падзяляе яго прыхільнасць развіваць сяброўскія адносіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.