2014-05-21 11:48:51

Дар умеласці дапамагае глядзець на стварэнне вачыма Бога


RealAudioMP3 Дару ўмеласці прысвяціў папа Францішак чарговую катэхезу з цыклу аб дарах Святога Духа. Звяртаючыся да вернікаў, сабраных на агульнай аўдыенцыі 21 мая 2014 г., Пантыфік адзначыў, што, звычайна, калі гаворка ідзе пра ўмеласць, маецца на ўвазе “здольнасць чалавека лепш пазнаваць рэчаіснасць, якая яго акружае, і адкрываць законы, якія кіруюць прыродай і сусветам”. “Аднак, умеласць, якая паходзіць ад Святога Духа, не абмяжоўваецца чалавечым пазнаннем – гэта асаблівы дар, які вядзе нас да пазнання праз прыроду велічы і любові Бога і Яго глыбокіх адносін з кожным стварэннем”, - сказаў Папа. Паводле Францішка, калі нашы вочы асветленыя Святым Духам, яны адкрываюцца на сузіранне Бога ў “прыгажосці прыроды і грандыёзнасці сусвету” і адкрыцця таго, што ўсе рэчы кажуць пра Яго і Ягоную любоў. “Усё гэта нараджае ў нас вялікае захапленне і глыбокае пачуццё ўдзячнасці! Мы адчуваем сябе так, калі захапляемся творамі мастацтва або цудам, які з’яўляецца плёнам геніяльнасці і крэатыўнасці чалавека. Перад абліччам усяго гэтага Дух вядзе нас да праслаўлення Пана з глыбіні нашага сэрца і прызнання ва ўсім, што маем і чым з’яўляемся, незаменнага Божага дару і знаку Яго бясконцай любові да нас”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што на першых старонках Бібліі відавочнае захапленне, якое Бог меў ад свайго стварэння. “Але, калі Бог бачыў стварэнне добрым і прыгожым, таксама і мы павінны ісці гэтым шляхам”, сказаў Папа і падкрэсліў, што менавіта гэтаму дапамагае дар умеласці. “Дар умеласці ўстанаўлівае глыбокае сугучча паміж намі і Стварыцелем і дазваляе раздзяліць яснасць Яго позірку і Яго суджэння. І ў такой перспектыве мы становімся здольнымі ўбачыць у чалавеку вяршыню стварэння, спаўненне плану любові, які выражаецца ў кожным з нас і дазваляе бачыць адно ў адным братоў і сясцёр”, адзначыў Святы Айцец.

Усё гэта, паводле Папы, робіць з хрысціяніна радаснага сведку Бога, на падабенства св. Францішка Асізскага і многіх іншых святых, якія былі здольнымі праслаўляць Божую любоў праз сузіранне стварэння. Пантыфік падкрэсліў, што дар умеласці дапамагае нам не сысці да злоўжыванняў і памылковых паводзінаў, такіх як: безадказнае панаванне над прыродай або пошук выключна ў ёй адказаў на самыя глыбокія чаканні. Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на абавязак клопату пра прыроду. “Калі мы злоўжываем стварэннем, мы знішчаем знак Божай любові”, - падкрэсліў ён.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 24 мая 2014 г. адбудзецца беатыфікацыя італьянскага святара з Папскага інстытута замежных місій кс. Марыё Вергара і свецкага верніка, катэхета, Ісідора Нгея Ко Лата з М’янмы, якія былі забіты ў 1950 г. у гэтай азіяцай краіне ў часы антыкаталіцкага пераследу. Пантыфік пажадаў, каб іх гераічная вернасць Хрысту была натхненнем і прыкладам для сённяшніх місіянераў і катэхетаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.