Прэфект Папскага дому звярнуўся з крытыкай у бок палітыкаў Еўрасаюза
Прэфект Папска дому,
арцыбіскуп Георг Генсвайн, звярнуўся з крытыкай у бок палітыкаў Еўрапейскага Саюза
па прычыне адсутнасці рэакцыі ва ўмовах ўсё большай колькасці нападаў на хрысціянскія
каштоўнасці і сімвалы і актаў вандалізму ў адносінах да касцёльных будынкаў у Еўропе.
Асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI узначаліў у мінулую нядзелю св. Імшу падчас пілігрымкі
швейцарскага аддзялення фонду “Дапамога Касцёлу у патрэбе” у бенедыктынскае абацтва
ў Айнзідэльне, перад якой удзельнічаў у канферэнцыі на тэму хрысціян, якія пакутуюць
за сваю веру ў Еўропе.
На думку арцыбіскупа Генсвайна, антысеміцкія або ісламафобскія
дзеянні і заявы справядліва крытыкуюцца з боку СМІ і палітыкаў, але Еўропа павінна
таксама праяўляць больш пільнасці ў дачыненні да нецярпімасці і дыскрымінацыі, з якімі
сутыкаюцца хрысціяне. Ён спаслаўся на апошнюю справаздачу Арганізацыі па бяспецы і
супрацоўніцтву ў Еўропе на тэму злачынстваў на глебе нянавісці, якая паказвае, што
хрысціяне часта становяцца ахвярамі гэтай з’явы. “Дзе рэакцыя нашых палітыкаў?”, -
спытаў арцыбіскуп.
Паводле яго, у Еўрапейскім Саюзе расце ваяўнічы секулярызм,
і некаторыя спрабуюць закрыць рот хрысціянам, спіхнуць рэлігію на абочыну, выступаюць
супраць сям’і , якая з’яўляецца асновай грамадства. Еўрапейскі кантынент не зможа
жыць, калі адрэжа сябе ад сваіх хрысціянскіх каранёў, таму што гэта пазбавіць яго
душы, сказаў арцыбіскуп Генсвайн.