2014-05-20 11:07:58

Папа да біскупаў: адзначайцеся простым ладам жыцця, унутранай свабодай, убоствам і міласэрнасцю


RealAudioMP3 Душпастырскія планы – гэта карысная рэч, але трэба спадзявацца на Святога Духа, які па меры нашай слабасці дазваляе нам пераўзыходзіць місіянерскія гарызонты, нагадаў Святы Айцец падчас сустрэчы з італьянскім епіскапатам. 19 мая 2014 г. вечарам у Ватыкане прамовай пантыфіка распачалася 66-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі. “Браты, калі мы аддалімся ад Езуса Хрыста, калі сустрэча з Ім страціць свежасць, нам застанецца толькі пустата нашых слоў і ініцыятыў”, - сказаў Францішак. Вернікі глядзяць на нас і чакаюць нашай дапамогі, дадаў ён. Гэта складаная місія патрабуе як ведання Бога, трывання ў Ім, так і разумення мясцовых Касцёлаў, іх твару, патрэб і магчымасцяў. Папа выказаў свае чаканні адносна італьянскіх біскупаў. Перш за ўсё ён рэкамендаваў ім клапаціцца аб асабістай веры і жывой сувязі з Богам.

Шмат месца ў сваім звароце Пантыфік прысвяціў спакусам, з якімі сутыкаюцца іерархі, такім як: славалюбства, ганарыстасць, кар’ерызм, зайздрасць, падзелы. Лепшым проціяддзем для гэтых спакусаў з’яўляецца, як адзначыў Францішак, жывы досвед Касцёла, які вырастае з Эўхарыстыі. “Як пастыры адзначайцеся простым ладам жыцця, унутранай свабодай, убоствам і міласэрнасцю”, - сказаў Папа. Ён папрсіў біскупаў клапаціцца пра сваіх святароў. Асаблівую ўвагу ён рэкамендаваў звярнуць на бежанцаў, ахвяр цяперашняга крызісу, як беспрацоўных, так і прадпрымальнікаў, і, перш за ўсё, на сем’і.

“Будзьце плённымі абаронцамі фундаментальнай ячэйкі кожнага грамадства. Сведчыце пра яе першасную ролю і прыгажосць. Бараніце як ненароджанае жыццё, так і пажылых людзей. Падтрымлівайце бацькоў у цяжкім і поўным энтузіязму адукацыйным працэсе. І не забывайцеся пахіляцца з самарытанскім спачуваннем над тымі, чые пачуцці былі зранены, хто адчувае фіяска сваіх жыццёвых планаў”, - заклікаў італьянскіх біскупаў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.