2014-05-20 15:11:18

Пантыфік да мексіканскага епіскапату: пастыры Касцёла не павінны прымаць палітычных рашэнняў


RealAudioMP3 “Гісторыя Мексікі не можа быць зразумета без хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія падтрымліваюць дух свайго народа”, - нагадаў Пантыфік падчас сустрэчы з мексіканскім епіскапатам 19 мая 2014 г. у Ватыкане. Больш за сто біскупаў знаходзяцца ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum”. У перададзеным ім пасланні папа Францішак спаслаўся на святкаванне двухсотгоддзя незалежнасці Мексікі і стагоддзя мексіканскай рэвалюцыі, з якой, як вядома, распачаўся шматгадовы пераслед Касцёла і вернікаў.

Розныя формы насілля, якія раняць мексіканскае грамадства, з’яўляюцца новым выклікам для распаўсюджвання духа згоды праз культуру сустрэчы, дыялогу і міру, адзначыў Святы Айцец. Ён дадаў, што пастыры Касцёла не ўпаўнаважаны прымаць палітычных рашэнняў. Яны пакліканы абвяшчаць Добрую Навіну, што Бог стаў чалавекам, бедным чалавекам, каб пакутаваць з тымі, хто пакутуе дзеля нашага збаўлення. Вернасць Хрысту патрабуе салідарнасці з патрабуючымі. Мексіканскія біскупы клапоцяцца пра іх, і гэта дае давер да Касцёла.

Свецкія вернікі, нагадаў Пантыфік, павінны жыць верай у сям’і, школе, гаспадарчай, сацыяльнай і палітычнай дзейнасці. Ім трэба дапамагаць, каб яны зрабілі бачным грамадскае вымярэнне веры. Папа падкрэсліў таксама важнасць сям’і і перадачы веры новым пакаленням. Сям’я павінна распаўсюджваць культуру павагі да чалавечага жыцця на ўсіх стадыях, ад зачацця да натуральнай смерці. Францішак звярнуў увагу на ролю мексіканскага санктуарыўма Маці Божай Гвадэлупскай, заступніцы ўсёй Амерыкі, адкрытага таксама для тых, хто знаходзіцца далёка.







All the contents on this site are copyrighted ©.