2014-05-19 13:08:11

Даклад: фінансавая атмасфера ў Ватыкане значна палепшылася


RealAudioMP3 У 2013 г. ватыканская нарматыўна-прававая база і працэдуры маніторынгу фінансавай сістэмы Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан значна палепшыліся, вынікае са спецыяльнага паведамлення Бюро фінансавай інфармацыі, апублікаванага 19 мая 2014 г. Упершыню, у пачатку 2014 г., была праведзена інспекцыя ў Інстытуце рэлігійных спраў – Ватыканскім банку. Абноўленая прававая база дапамагае эфектыўна змагацца з фінансавымі злачынствамі, супрацоўнічаць з замежнымі калегамі і значна палепшыць нагляд за патэнцыйнымі фінансавымі парушэннямі, гаворыцца ў паведамленні. Міжнародныя эсперты пацвердзілі, што сёння ў Апостальскай Сталіцы і Ватыкана ёсць “эквівалентная сістэма” для папярэджання і барацьбы з фінансавымі злачынствамі, якая знаходзіцца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Бюро фінансавай інфармацыі адзначыла значны рост паведамленняў аб падазроных аперацыях: у 2012 г. іх было 6, а ў 2013 г. ужо 202. Гэта, на думку кіраўніка ватыканскай установы Рэнэ Брульхарта, адлюстроўвае развіццё прававой базы і істотнае паляпшэнне прафілактыкі фінансавай злачыннасці. Колькасць запытаў з боку Бюро да камептэнтных замежных органаў таксама ўзрасла, з 1 – у 2012 г., да 28 – у 2013 г. Ватыканская ўстанова звярталася з запытамі да сваіх замежных калег у 2013 г. 53 разы. У 2012 г. такіх выпадкаў было толькі 3.

У 2013 г. Бюро фінансавай інфармацыі стала членам “Групы Эгмант”, глабальнай сеткі фінансавай разведкі, і падпісала двухбаковыя пагадненні па ўзаемным супрацоўніцтве ў галіне барацьбы з адмываннем грошай і фінансавання тэрарызму. Мемарандумы аб узаемаразуменні былі падпісаны з Германіяй, Італіяй, Нідэрландамі, Славеніяй і ЗША.

Паменшылася колькасць дэкларацый аб трансгранічным перавозе наяўных грашовых сродкаў. Гэта адбываецца, калі на тэрыторыю Ватыкана або ў адваротным напрамку асоба ўносіць або выносіць з сабой суму, якая перавышае ў эквіваленце 10 тыс. еўра. Колькасць такіх дэкларацый у 2013 г. склала 1557 для выходных грашовых сродкаў ( у 2012 – 1782) і 550 для ўваходных наяўных (у 2012 – 598). Гэта звязана з павышэннем кантролю з боку кампетэнтных органаў і ўвядзеннем узмоцненых працэдур па наглядзе.

У пачатку 2014 г. Бюро правяло інспекцыю ў Інстытуце рэлігійных спраў – Ватыканскім банку па праверцы ажыццяўлення мер, прынятых для прадухілення і барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Яна паказала істотны прагрэс, дасягнуты банкам на працягу апошніх 12 месяцаў. У выніку праверкі быў распрацаваны план дзеянняў для поўнай адаптацыі працэдур да патрабаванняў новага ватыканскага заканадаўства і арганізацыйных пераўтварэнняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.