Адчыніце дзверы Хрысту! У Мінску падзякавалі за кананізацыю Яна Паўла ІІ і Яна XXIII
У Мінску падзякавалі
за двух новых святых – Яна Паўла ІІ і Яна XXIII, кананізацыя якіх адбылася ў Ватыкане
зусім нядаўна – 27 красавіка 2014 г. Сімвалічна, што ў архікатэдральным Касцёле Імя
Найсвяцейшай Панны Марыі вернікі, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса сабраліся
ў 94-ю гадавіну з дня нараджэння Караля Вайтылы. Св. Імшу падзякі ўзначаліў арцыбіскуп
Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Для ватыканскага іерарха з постаццю
св. Яна Паўла ІІ звязаны асабістыя ўспаміны – Пантыфік калісьці ўдзяліў яму біскупскае
пасвячэнне. Але і ўвесь свет сёння яшчэ перажывае радасную падзею кананізацыі Пантыфікаў,
якія былі, ёсць і застануцца для Касцёла гігантамі, адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці
ў інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Апостальская Сталіца
дасягнула шмат чаго дзякуючы менавіта гэтым двум Папам – св. Ян Павел ІІ і Ян XXIII
далі зразумець, што з Касцёлам можна весці дыялог і ён не шукае сваёй карысці, а толькі
змагаецца за праўду, падкрэсліў Апостальскі Нунцый у Беларусі. “Гэта вельмі важна
таксама ў Беларусі і для беларусаў, таму што католікі не з’яўляюцца эмігрантамі ў
Беларусі, якія сюды прыехалі, гэта інтэгральная частка насельніцтва; яны заўсёды тут
былі. Гэтыя Папы былі ўніверсальнымі, яны былі для ўсяго Касцёла. А Касцёл у Беларусі
– гэта частка Паўсюднага Касцёла. Таму мы, католікі Беларусі, вельмі ганарымся, што
можам паказваць гэтую ўніверсальнасць і адзінства Касцёла, што мы адчувем праз постаці
гэтых двух Пап”, - сказаў Апостальскі нунцый.
У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё
Гуджэроцці заўважыў вельмі важную рэч – Ян Павел ІІ адчуваў сябе славянінам, вельмі
ганарыўся гэтым і падкрэсліў нават адмысловай энцыклікай, напрыканцы якой малітоўна
дзякаваў Богу за тое, што паклікаў славянскія народы, каб яны жылі ў адзінстве веры.
Гэты заклік актуальны і сёння, калі ў свеце існуюць канфлікты. Гаворка ідзе перш за
ўсё пра Украіну, пра яе славянскі і хрысціянскі народ. Вайна – гэта заўсёды блюзнерства
супраць Бога і злачынства супраць чалавецства. Вялікі Папа, як называлі Яна Паўла
ІІ, яшчэ пры жыцці, заўсёды клапаціўся аб міры ў свеце, аб дыялогу паміж канфесіямі
і рэлігіямі.
Яна Павел ІІ заўсёды памятаў пра Беларусь, упэўнены арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Менавіта ён пасля падзення атэістычнага
рэжыма аднавіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і прызначыў біскупаў. “25
гадоў таму падчас маёй кансэкрацыі ў Рыме, у базыліцы св. Пятра, Ян Павел ІІ прамовіў
па-беларуску і сказаў, што я пасылаю цябе да народа, які так шмат цярпеў. Ведаем ад
кардынала Казіміра Свёнтэка і іншых біскупаў, што ён заўсёды клапаціўся аб Касцёле
ў Беларусі. Таму сёння наша ўдзячнасць, удзячнасць мая і ўсіх вернікаў, за тое, што
Бог даў нам такога правідэнцыяльнага Папу, якога мы павінны наследаваць сваім жыццём”,
- сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю нашаму радыё. Двух Пантыфкаў ужо
назвалі святымі нашага часу – яны жылі і служылі Богу і людзям у XX стагоддзі, а таксама
добра прачыталі выклікі часу і змаглі даць на іх адказ.
Гэта падкрэсліў і
арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: святасць – не толькі прэрагатыва мінулага, але і сучаснасці.
“Ведаючы аб глабальнай і гістарычнай ролі св. Яна Паўла ІІ, які ж прыклад могуць узяць
для сябе звычайныя вернікі ў штодзённым жыцці?” - задаўся пытаннем Апостальскі нунцый
у Беларусі. “Паспрабуце сабе ўявіць маладога чалавека, які жыве ў Кракаве, займаецца
тэатрам са свамі сябрамі, займаецца спортам, ходзіць на працу і вядзе сваё жыццё.
І святым ён стаў не таму, што яго нехта паклікаў, асвяціў або кансэкраваў, святаць
была і да гэтага моманту, менавіта ў штодзённым жыцці. Штодзённа ён да яе імкнуўся
і штодзённа яе перажываў. Не ўсе мы будзем Папамі, але ўсе можам быць святымі”, -
сказаў іерарх.
Напрыканцы св. Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці словамі
св. Яна Паўла ІІ заклікаў вернікаў адчыніць дзверы Хрысту і ўдзяліў усім прысутным
благаслаўленне ад імя папы Францішка. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за
малітву праз заступніцтва новых святых за Каталіцкі Касцёл у Беларусі і ўсю краіну.