2014-05-18 12:48:11

Папа перад “Regina Coeli”: канфлікты ў Касцёле вырашаюцца праз абмеркаванне і малітву (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Адзінству ўнутры хрысціянскай супольнасці прысвяціў свае разважанні перад велікоднай марыйнай малітвай “Regina Coeli” 18 мая 2014 г. папа Францішак. Словы Святога Айца на ватыканскай плошчы гучалі асабліва сімвалічна ў кантэксце яго сустрэчы з Патрыярхам Канстантынопальскім, якая адбудзецца ў рамках візіту Пантыфіка ў Святую Зямлю. Ён распачнецца на наступным тыдні. Францішак заклікаў не хаваць факту, што нават у сярод першых хрысціян існавалі канфлікты, якія былі наступствам мірскіх амбіцый. Тут важнай была пастава апосталаў, якія не заплюшчвалі вочы на праблемы, але разам імкнуліся іх вырашыць. Яны не рабілі выгляд, што ўсё ў парадку, але адкрыта прымалі рэальнасць, аддзялілі справы духоўныя ад матэрыяльных. І менавіта ў апошніх, на думку Папы, трэба прасіць асаблівай дапамогі Святога Духа. Асобы, якія ў Касцёле займаюцца размеркаваннем матэрыяльных каштоўнасцяў павінны быць людзьмі веры і малітвы, нагадаў Францішак.

“Сёння чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў гаворыць нам, што нават у раннім Касцёле ўзнікалі першыя напружанасць і рознагалоссі. - адзначыў Пантыфік - У жыцці ёсць канфлікты, праблема ў тым, як да іх падыходзіцца. Да гэтага часу адзінству хрысціянскай супольнасці спрыяла прыналежнасць да адной этнічнай групы і культуры – яўрэйскай. Але, калі хрысціянства, якое па волі Езуса існуе для ўсіх народаў, адкрываецца на культуру грэцкую, гэта аднастайнасць губляецца і ўзнікаюць першыя цяжкасці. Вятры незадаволенасці, з’яўляюцца скаргі, чуткі аб фаварытызме і няроўнасці, што адбываецца часам і ў нашых парафіях. У дапамозе з боку супольнасці асобам, якія жывуць у нястачы – удовам, сіротам і наогул бедным – здаецца, хрысціяне яўрэйскага паходжання маюць прывілеі.

Апосталы, перад абліччам гэтых канфліктаў, узялі сітуацыю ў свае рукі. Яны збіраюць пашыранае пасяджэнне вучняў і абмяркоўваюць гэтае пытанне разам. Усе разам! Праблемы не вырашаюцца праз выгляд, што іх не існуе! І гэта цудоўна, што ёсць гэта дыскусія паміж пастырамі і вернікамі. Такім чынам, яны прыходзяць да падзелу адказнасці. Апосталы робяць прапанову, якая прымаецца ўсімі: яны прысвецяць сябе малітве і служэнню Слову, а сем чалавек, дыяканы, забяспечаць абслугоўванне сталовых для бедных. Гэтыя сем выбраны не таму, што з’яўляюцца экспертамі ў дадзенай справе, але таму, што яны сумленныя людзі з добрай рэпутацыяй, поўныя Святога Духа і мудрасці. Яны ўстаноўлены на сваё служэнне праз ускладанне рук апосталаў.

І так знаходзіцца выйсце з гэтай незадаволенасці, скаргаў, чутак аб фаварытызме і няроўнасці. Абмяркоўваючы, дыскутуючы і молячыся вырашаюцца канфлікты ў Касцёле. Абмяркоўваючы, дыскутуючы і молячыся! З упэўненасцю, што плёткі, зайздрасць, рэўнасць ніколі не могуць прывесці да згоды, гармоніі і спакою. Там быў таксама Святы Дух, Які каранаваў гэта пагадненне. І гэта можна зразумець толькі тады, калі мы дазволім Святому Духу весці нас. Ён прывядзе нас да гармоніі, адзінства і павагі да розных дароў і талентаў. Вы разумееце гэта? Без плётак, зайздрасці і рэўнасці!

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам быць паслухмянымі Святому Духу, каб мы з павагай ставіліся адно да аднаго і ўсё больш і больш паглыблялі веру і любоў, захоўваючы сэрца адкрытым для патрэб братоў”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак заклікаў памятаць пра ахвяр паводкі, якая спустошыла значную частку Балкан, асабліва ў Сербіі і Босніі.







All the contents on this site are copyrighted ©.