Візіт Пантыфіка ў Карэю: мільён удзельнікаў на галоўным набажэнстве
Нават мільён чалавек,
у тым ліку 200 тыс. католікаў, могуць прыняць удзел у беатыфікацыі 124 карэйскіх мучанікаў
падчас візіту папы Францішка ў Паўднёвую Карэю. Яна адбудзецца 16 жніўня 2014 г. у
цэнтры Сеула. Такое рашэнне было прынята аргкамітэтам папскага візіту, хоць у апублікаванай
Святым Пасадам у сакавіку афіцыйнай праграме не было інфармацыі аб дакладным месцы
ўрачыстасці. Цяпер ужо вядома, што гэта будзе зона паміж плошчай Кванхвамун і сталічнай
ратушай. Св. Імша, якую ўзначаліць Пантыфік, пачнецца ў 10.00 і працягнецца больш
за дзве гадзіны.
Пяцідзённае падарожжа Папы ў Паўднёвую Карэю адбудзецца 14-18
жніўня 2014 г. Яго асноўная мэта заключаецца ва ўдзеле Папы ў Азіяцкім дні моладзі.
Гэта будзе трэцяя замежная паездка Францішка, пасля Бразіліі і Святой Зямлі,
а таксама трэці візіт Біскупа Рыма ў Карэі – раней, у 1984 г. і 1989 г., краіну наведваў
Ян Павел II.
Карэйскае грамадства з энтузіязмам успрыняло пілігрымку Святога
Айца. Мясцовыя СМІ выказалі надзею, што яго візіт можа прынесці мір для ўсяго рэгіёну.
5,3 млн. католікаў складаюць трэцюю па велічыні рэлігійную групу ў Паўднёвай Карэі.
Гэта самая хуткарослая каталіцкая супольнасць у рэгіёне. Трэба адзначыць, што Карэя
з’яўляецца адзінай краінай у Азіі, дзе Каталіцкі Касцёл паўстаў без удзелу еўрапейскіх
місіянераў.