Папа да хворых: вы – актыўныя ўдзельнікі евангелізацыі і збаўлення
Святы Айцец сустрэўся
17 мая ў Ватыкане з пяцітысячнай дэлегацыяй “Асацыяцыі ціхіх работнікаў крыжа”, у
якую ўваходзяць святары і свецкія вернікі. Яны нясуць дапамогу і служэнне ў цэнтрах
для пакутуючых. На сустрэчы прысутнічалі таксама 350 хворых у інвалідных калясках.
Пантыфік адзначыў прыклад кс. Луіджы Наварэзэ, заснавальніка супольнасці, які нядаўна
быў абвешчаны благаслаўлёным. Звяртаючыся да сабраных, ён звярнуў увагу, што “прычын
для болю вельмі шмат”. Сам Езус цярпеў у гэтым свеце смутак і прыніжэнні. “Ён спазнаў
кожную праяву смутку, маральнага і фізічнага. Ён адчуў голад і стомленасць, горыч
неразумення, Ён быў адданы на смерць і пакінуты, бічаваны і ўкрыжаваны”, - нагадаў
Францішак. Езус не імкнуўся “абвясціць шчасцем” кожную цяжкасць, адзначыў Папа. “Цярпенне
не з’яўляецца каштоўнасцю само па сабе, але рэальнасцю, у якой Езус вучыць нас жыць
з правільным стаўленнем”, - дадаў ён, - бо боль і пакуты можна перажываць па рознаму.
“Няправільнае стаўленне – гэта перажываць боль пасіўным чынам, інэртна і абыякава
падпарадкоўваючыся. Таксама рэакцыя супраціву і адмовы не з’яўляецца правільнай. Езус
вучыць нас жыць з болем, прымаючы рэальнасць жыцця з упэўненасцю і надзеяй, прыносячы
любоў да Бога і бліжняга ў пакуты – а любоў ператварае ўсё”, - сказаў Святы Айцец.
“Вашыя
пакуты, як раны Езуса, з аднаго боку, з’яўляюцца згаршэннем на шляху веры, але з іншага,
праверкай веры, знакам таго, што Бог ёсць Любоў, што Ён верны, міласэрны, Ён суцяшае”,
- дадаў Папа. Ён назваў хворых “актыўнымі ўдзельнікамі евангелізацыі і збаўлення”
і заклікаў “быць блізка да пакут сваіх парафій, у якасці сведкаў уваскрасення”, маліцца
і ахвяраваць свае цярпенні за святараоў і біскупаў.