2014-05-16 12:19:55

Старшыня Папскай рады па справах сям’і: сёння ідзе гаворка аб адсутнасці бацькі


RealAudioMP3 Сям’я займае вядучую пазіцыю ў адносінах да ўсіх грамадскіх інстытутаў, якія павінны ад яе вучыцца і на ёй грунтавацца. Аб гэтым на форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку нагадаў старшыня Папскай рады па справах сям’і. У сувязі з ААН-аўскім Днём Сям’і, які адзначаецца 15 мая, арцыбіскуп Вінчэнца Палья прыняў удзел у сустрэчы, падрыхтаванай прадстаўніцтвам Святога Пасаду пры Арганізацыі. Ён спаслаўся на тэму сёлетняга Дня, а менавіта, салідарнасці паміж пакаленнямі.

“Думаю, што ёсць неабходнасць аднаўлення адносін паміж пакаленнямі, - распавёў Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Палья. - Сёння ідзе гаворка аб адсутнасці бацькі. Многія бацькі адмовіліся ад абавязкаў, адказнасці і клопатаў выхавання. Калі нехта кажа: “Я твой сябар”, гэта азначае, што не разумее, у чым сутнасць абавязку бацькі”. Іерарх перакананы, што Касцёл мае патрэбу ў тэрміновым абнаўленні падыходу да пытання адносін паміж пакаленнямі, каб такім чынам дапамагчы грамадству.

“Сёння існуе тэндэнцыя ствараць грамадства без сям’і. Гэта праяўляецца, напрыклад, у стварэнні так званых няпоўных сем’яў. Мы адракаемся ад адносін з іншымі людзьмі, бо звязваць сябе з кімсьці, і рабіць гэта на ўсё жыццё, стала нечым непрымальным. Але гэта азначае, што ў рэшце рэшт грае ролю выключна маё эга. Такім чынам, аднак, ад сновы разбіваюцца грамадскае жыццё і грамадскія адносіны паміж людзьмі”, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья.







All the contents on this site are copyrighted ©.