2014-05-16 12:01:37

Папа Францішак у Святой Зямлі пройдзе шляхам Паўла VI


RealAudioMP3 Ідэя здзяйснення папам Францішкам пілігрымкі ў Святую Зямлю заключаецца ў тым, каб узгадаць пра “незвычайнае падарожжа” Паўла VI на радзіму Езуса, якое адбылося 50 гадоў таму, у студзені 1964 г., адзначыў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Арганізаваць візіт Пантыфіка зімой было немагчыма, таму было вырашана правесці яго ў канцы мая, прызнаўся езуіт. Тым не менш, сувязь паміж гэтымі двума візітамі застаецца фундаментальнай.

Францішак, як і яго папярэднік на Пасадзе св. Пятра, правядзе ў Святой Зямлі тры дні. Першая галоўная падзея ў рамках падарожжа пройдзе ў нядзелю 25 мая ў Бэтлееме – тут Папа ўзначаліць Эўхарыстыю і прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І і прадстаўнікамі іншых канфесій. У суботу 24 мая Папа наведае Іарданію, а ў панядзелак 26 мая – Ізраіль, нагадаў кс. Ламбардзі. У Іерусаліме, у тым самым месцы, дзе Павел VI сустракаўся з Патрыярхам Афінагорам, адбудзецца прыватная сустрэча Францішка з Барталамеем І. Падчас гэтага спаткання каталіцкі і праваслаўны лідэры падпішуць супольную дэкларацыю.

Міжрэлігійны характар падарожжа будзе адлюстроўваць і склад дэлегацыі, якая будзе суправаджаць Пантыфіка. Разам з ім у пілігрымцы прымуць удзел рабін з Буэнас-Айрэса Абрагам Скорка і шэйх Амар Ахмед Абуд, генеральны сакратар Інстытута міжрэлігійнага дыялогу Аргентыны, якіх Папа добра ведае яшчэ з часоў свайго жыцця і служэння ў Аргентыне, адзначыў кіраўнік Залы Друку.

Кс. Ламбардзі выказаў перакананне, што пілігрымка Святога Айца пройдзе ў спакойнай атмасферы. Гэта будзе другое міжнароднае падарожжа Папы, пасля яго ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра летам 2013 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.