2014-05-16 12:38:32

Папа: маліцца, прымаць сакрамэнты і наследаваць Хрыста, каб пазнаць Яго


RealAudioMP3 Каб ведаць Езуса, не дастаткова толькі вучобы і ведання ідэй, неабходна маліцца, цэлебраваць Яго і наследаваць, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 16 мая 2014 г. Звяртаючыся да сабраных у капліцы Дома св. Марты, Пантыфік заклікаў часцей маліцца, прымаць удзел у сакрамэнтах і больш чытаць Евангелле, якое ў многіх пакрылася пылам, таму што ніколі не разгортваецца. Каментуючы словы Хрыста: “Я – дарога і праўда, і жыццё”, Святы Айцец падкрэсліў, што “пазнанне Езуса – гэта самае галоўная праца ў нашым жыцці”. Некаторыя могуць сказаць, што для знаёмства з Хрыстом неабходна шмат вучыцца, адзначыў Папа і пагадзіўся з гэтым. Але вучобы не дастаткова, дадаў ён – знаёмства з рознымі ідэямі нікуды не прывядзе, а празмернае захапленне імі дало пачатак шматлікім ерасям у Касцёле. Першы шлях да пазнання Хрыста, на яго думку – гэта малітва. “Пазнанне без малітвы – непатрэбнае”, неабходна шмат маліцца, каб ведаць Езуса, сказаў Папа і дадаў, што “вялікія тэолагі займаліся тэалогіяй стоячы на каленях”.

Іншая брама да знаёмства з Богам – гэта цэлебрацыя. “Цэлебраваць Езуса ў Яго сакрамэнтах, каб даў нам жыццё, сілу, пасілак, суцяшэнне, запавет, місію. Без цэлебрацыі сакрамэнтаў, не дойдзем да пазнання Езуса”, - лічыць Пантыфік. Трэцім шляхам пазнання Збаўцы з’яўляецца Яго наследванне. Неабходна ўзяць Евангелле і паглядзець, што рабіў Езус, як жыў, што казаў, чаму навучаў, і ісці за Ім, сказаў Францішак.

Увайсці ў гэтыя тры брамы – азначае ўвайсці ў таямніцу Езуса, абагульніў Папа і заклікаў не баяцца рабіць гэтага. Праз малітву, цэлебрацыю і наследаванне Хрыста можна знайсці шлях да праўды і жыцця, падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.