2014-05-16 11:04:29

Гісторыкі адкрываюць новыя факты аб адносінах паміж Святым Пасадам і СССР


RealAudioMP3 15-16 мая 2014 г. у Санкт-Пецярбургу прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму “Апостальская Сталіца і СССР у міжнародным кантэксце у гады пантыфікату Пія ХІ”, арганізаваная Папскім камітэтам гістарычных навук і Інстытутам агульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук. Прадстаўнічае мерапрыемства было толькі адным з этапаў у серыі навуковых сустрэч, якія пачаліся некалькі дзесяцігоддзяў таму у рамках супрацоўніцта паміж ватыканскім і расійскім гістарычнымі інстытутамі, расказаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё старшыня Папскага камітэта гістарычных навук айцец Бернар Ардура.

Святар падзяліўся, што падобныя мерапрыемствы праходзяць кожныя два-тры гады і нават часцей. Напрыклад, апошняя канферэнцыя адбылася ў мінулым годзе ў Браціславе і была прысвечана асобам святых Мятода і Кірыла. “Кожны раз мы шукаем тэму, якая мае супольную цікавасць для расійскага боку і Каталіцкага Касцёла”, - сказаў ён і дадаў, што гэтаму крытэрыю адпавядае і тэматыка цяперашняй канферэнцыі. “Мы вырашылі падчас гэтай сустрэчы даследваць адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і СССР у перыяд пантыфікату Пія ХІ. Адной з прычын гэтага з’яўляецца той факт, што частка ватыканскага архіва, прысвечаная гэтаму перыяду, была адкрыта апошняй – у 2005 г. Мы адкрылі поўны і свабодны доступ да ўсіх архіваў”, - сказаў ён.

Ватыканскі гісторык адзначыў, што “фонам” для навуковай канферэнцыі з’яўляецца дзейнасць Папскай камісіі “Pro Russia”, заснаванай менавіта Піем ХI, вывучэнне дзейнасці якой адбываецца зараз. Паводле айца Ардура, навукоўцам ужо адкрываюцца новыя цікавыя факты, якія дапамагаюць зразумець сутнасць складаных адносін паміж Апосталькай Сталіцай і СССР. На думку навукоўца, гэта важна, таму што былі часы, калі Святы Пасад падазраваўся ў празелітызме, нібыта, карыстаючыся пераследам у СССР, імкнуўся да навяртання праваслаўных.

“Пій ХІ вельмі цікавіўся Расіяй. Калі яго прызначылі нунцыем у Польшчы, дзе прабыў каля аднаго-двух гадоў, у яго быў абавязак займацца справамі Расіі. Гэта была краіна, якую ён не мог наведаць, але якую ведаў дастаткова добра. У 1921 г., калі была заснавана Папская камісія па дапамозе Расіі, дзе ў той час панаваў страшны харчовы крызіс і забойчы голад, ватыканская дэлегацыя аказала дапамогу дзесяткам тысяч людзей”, - распавёў айцец Ардура.

Паводле старшыні Папскага камітэта гістарычных навук, тэма адносін паміж Апостальскай Сталіцай і СССР вельмі цікавая і багатая фактамі. Ён выказаў спадзяванне, што канферэнцыя паспрыяе лепшаму ўзаемнаму разуменню і пазнанню.








All the contents on this site are copyrighted ©.