2014-05-15 11:43:13

Папа да новых паслоў: гандаль зброяй і вымушаная міграцыя – выклікі для міру


RealAudioMP3 Гандаль зброяй і вымушаная міграцыя – гэта два выклікі, на якія трэба адказаць у працэсе будавання міру на планеце, лічыць папа Францішак. 15 мая 2014 г. ён прыняў даверчыя граматы ў новых паслоў Швейцарыі, Ліберыі, Эфіопіі, Судана, Ямайкі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і Індыі, якія будуць выконваць дыпламатычную місію пры Апостальскай Сталіцы. Сваю прамову да сабраных Пантыфік прысвяціў міру – мэце, якая ніколі не была дасягнута цалкам і да якой павінны імкнуцца ўсе пакаленні, адказваючы на выклікі, якія ставіць кожная эпоха. Адным з такіх актуальных выклікаў Папа лічыць гандаль зброяй. “Усе кажуць пра мір, усе абвяшчаюць аб жаданні яго, але, на жаль, распаўсюджванне ўзбраенняў рознага кшталту вядзе ў адваротным напрамку. Гандаль зброяй прыводзіць да ўскладнення і аддалення мірных рашэнняў, асабліва таму, што часта ён здзяйсняецца незаконна”, - сказаў Францішак. Ён заклікаў на новага этапу сканцэнтраваных і адважных намаганняў супраць распаўсюджвання ўзбраенняў.

Іншым выклікам, паводле Святога Айца, з’яўляецца вымушаная міграцыя. У ёй прысутнічаюць два супрацьлеглыя элементы: з аднаго боку, цудоўныя гісторыі людзей, якія здолелі выбрацца “з нечалавечых умоваў і знайсці годнасць, свабоду і бяспеку”, а з іншага, гісторыі асоб, якія выклікаюць “слёзы і сорам”, калі “нашы браты і сёстры, дзеці Божыя, жадаючыя жыць і працаваць у спакоі, вымушаны здзяйсняць небяспечныя для жыцця падарожжы, сустракацца з шантажом, катаваннямі і рознага кшталту злоўжываннямі, каб часам закончыць жыццё ў пустыні або на дне мора”, адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы гандль зброяй і вымушаная міграцыя звязаны паміж сабой. “Было б абсурдным супярэчаннем казаць пра мір, весці мірныя перамовы, і ў той жа час спрыяць гандлю зброяй і дазваляць яго. Трэба сказаць, што было б цынічна абвяшчаць правы чалавека і адначасова ігнараваць ці не клапаціцца пра людзей, вымушаных пакідаць свае землі, паміраць, спрабуючы зрабіць гэта, не сустрэўшы міжнароднай салідарнасці”, - адзначыў Францішак.

Святы Айцец запэўніў новых паслоў, што Апостальская Сталіца жадае працягваць супрацоўніцтва на карысць пераадолення гэтых феноменаў і ісці шляхамі, якія вядуць да справядлівасці і міра.








All the contents on this site are copyrighted ©.