2014-05-14 10:59:57

Пасол Ізраіля пры Святым Пасадзе: экстрэмізм не будзе мець уплыву на візіт Папы


RealAudioMP3 Узрастаючы вандалізм адносна хрысціянскіх месцаў у Ізраілі, па словах пасла гэтай краіны пры Святым Пасадзе, не будзе мець ніякага ўплыву на маючы адбыцца візіт папы Францішка ў Святую Зямлю. Гаворка ідзе пра дзеянні “некалькіх экстрэмістаў”, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі стаўлення ізраільскага ўрада і большасці насельніцтва, сказаў Сіён Эврані у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Repubblica”. Палітычныя і рэлігійныя лідэры асудзілі нядаўнія інцыдэнты. Сілы бяспекі робяць ўсё, каб знайсці вінаватых.

Папа Францішак здзейсніць сваё падарожжа ў Святую Зямлю 24-26 мая 2014 г. Ён наведае Аман, Бэтлеем і Іерусалім.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, арцыбіскуп Фуад Туаль, казаў у святле нядаўніх актаў вандалізму ў дачыненні да хрысціянскіх месцаў аб “атручаным паветры”. Ён таксама выказаў меркаванне, што ізраільскія ўлады робяць не дастаткова, каб знайсці вінаватых.

Пасол Ізраіля, у сваю чаргу, адзначыў, што хрысціянскія супольнасці ў Ізраілі маюць поўную рэлігійную свабоду, а самі хрысціяне з’яўляюцца паўнапраўнымі грамадзянамі краіны. Ізраіль – гэта адзіная краіна на Блізкім Усходзе, дзе колькасць хрысціян расце.

Лічба нападаў на хрысціянскія і арабскія месцы з боку ізраільскіх экстрэмістаў у апошні час значна ўзрасла. На мінулым тыдні на будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Іерусаліме яны напісалі: “Смерць арабам, хрысціянам і ўсім, хто ненавідзіць Ізраіль”. Біскупы выказалі занепакоенасць у сувязі з неаднаразовымі нападамі і заклікалі ізраільскія ўлады прыняць рашучыя меры.







All the contents on this site are copyrighted ©.