2014-05-12 11:59:07

Францішак: не закрываць дзверы перад Святым Духам


RealAudioMP3 Хто мы такія, каб закрываць дзверы перад Святым Духам, спытаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 12 мая 2014 г. Звяртаючыся да вернікаў сабраных у капліцы Дома св. Марты Пантыфік нагадаў пра навяртанне першых язычнікаў. Дух лунае дзе хоча, але адна з самых распаўсюджаных спакусаў, на думку Папы, гэта самім вызначаць яму шлях і весці ў адваротным напрамку. Каментуючы фрагмент з Кнігі Дзеяў Апосталаў, у якім хрысціяне Ерузалема наракалі на св. Пятра за тое, што “хадзіў да неабрэзаных і еў з імі”, Папа паставіў пытанне: а што здыралася б сёння, калі б нехта хацеў ахрысціць экспедыцыю марсіян – “зялёных, з доўгімі насамі і вялікімі вушамі, як іх малююць дзеці”? Паводле Францішка, св. Пётр, атрымаўшы адкрыццё звышыні, зразумеў фундаментальную рэч – тое, што ачышчана Богам не можа называцца “нячыстым”. І апавядаючы пра гэта натоўпу, які яго крытыкаваў, ён сцвердзіў: “Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана, Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?”.

“Калі Пан, паказвае нам шлях, хто мы такія каб казаць: “Не Пане, гэта не разважліва! Не, зробім інакш... І Пётр, у гэтай першай дыяцэзіі – першай дыяцэзіяй была Антыяхійская – прыняў рашэнне: “Хто я такі, каб пярэчыць?”. Гэта цудоўны выраз для біскупаў, святароў і для простых хрысціян. Хто я такі, каб закрываць дзверы?”, - адзначыў Папа.

Таксама і сёння, паводле Пантыфіка, Бог пакінуў кіраванне Касцёлам “у рукі Святога Духа”. “Святы Дух – гэта жывая прысутнасць Бога ў Касцёле і тое, што падштурхоўвае Касцёл, каб ён крочыў. Заўсёды далей, праз межы, заўсёды наперад. Святы Дух са сваімі дарамі кіруе Касцёлам. Нельга зразумець Касцёл Езуса без Суцяшыцеля, якога Пан для гэтага нам спасылае”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прасіць Бога аб ласцы паслухмянасці Святому Духу, які прамаўляе ў сэрцах, у жыццёвых сітуацыях, у жыцці Касцёла і хрысціянскіх супольнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.