2014-05-12 11:13:18

Кардынал Паралін чакае палітычных плёнаў ад падарожжа Папы ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Касцёл выходзіць насустрач іншым не з прымусу або для рэалізацыі пэўнага праекту, але каб ісці за Езусам, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Corriere della sera”. Паводле пурпурата, такая “дынаміка ўласціва прыродзе Касцёла, які не жыве ўласным святлом, як казалі Айцы першых стагоддзяў”. На думку кардынала Параліна, Касцёлу неабходна заўсёды памятаць, што ён павінен ісці за Хрыстом, каб яго ініцыятывы і структуры не сталі самадастатковымі. Іерарх адзначыў, што ў адваротным выпадку будуць павялічвацца забабоны адносна дзейнасці Касцёла, якая будзе разглядацца выключна ў палітычным ключы.

Каментуючы перамены ў Рымскай курыі ініцыяваныя Пантыфікам кардынал Паралін нагадаў, што іх мэта спрыяць таму, каб ватыканскія структуры сталі эфектыўнай прыладай на карысць усяго Касцёла і давалі сапраўдны прыклад служэння.

Пурпурат выказаў спадзяванне, што Апостальскае падарожжа папы Францішка ў Святую Зямлю, запланаванае на 24-26 мая 2014 г. прынясе добрыя плёны не толькі ў душпастырскай і рэлігійнай сферах, але таксама і ў палітычнай: у першую чаргу падштурхне да рашучага аднаўлення перамоваў паміж ізраіліцянамі і палестынцамі і верне ўвагу да праблемаў Сірыі. “Я баюся, што гэты канфлікт стане забытым”, - сказаў кардынал і нагадаў, што яго вайсковае вырашэнне нікуды не прывядзе.

Гаворачы пра пытанні хрысціянскай этыкі, кардынал Дзяржсакратар падкрэсліў, што яе нельга разглядаць у адрыве ад міласэрнасці і веры. “Напачатку вера, а затым мараль”, - сказаў ён і дадаў, што інакш, хрысціянская этыка рызыкуе пераўтварыцца ў збор прадпісанняў і загадаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.