2014-05-11 13:24:17

Пантыфік перад малітвай “Regina caeli”: увойдзем у глыбокае сяброўства з Езусам


RealAudioMP3 Да Сусветнага дня малітваў за пакліканні спаслаўся папа Францішак у сваім разважанні перад малітвай “Regina caeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 11 мая 2014 г. Пантыфік нагадаў, што “кожнае пакліканне заўсёды патрабуе, каб выйсці з-за сябе самога, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллю”. Таму пакліканне, каб ісці за Езусам з’яўляецца адначасова цікавым і стымулюючым. Каб яно зрэалізавалася заўсёды неабходна ўвайсці ў глыбокае сяброўства з Панам, каб жыць для Яго і з Ім, патлумачыў Папа “У гэтую чацьвёртую Вялікодную нядзелю, прывітаў Святы Айцец вернікаў, евангеліст Ян паказвае нам вобраз Езуса Добрага Пастыра. Разважаючы гэты ўрывак з Евангелля мы можам лепш зразумець тыя адносіны, якія Езус меў са сваімі вучнямі: адносіны, якія былі заснаваныя на пяшчотнасці, любові, узаемаразуменню і на абяцанні, што яны атрымаюць непамерны дар: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10,10). Такія адносіны – гэта прыклад адносін паміж хрысціянамі і адносінамі паміж людзьмі.

Шматлікія людзі сёння, як і ў часы Езуса, прапаноўваюць сябе ў якасці “пастыраў” нашага жыцця; але толькі Увасрослы Хрыстус з’яўляецца сапраўдным Пастырам, які дае нам жыццё ў дастатку. Я заклікаю ўсіх верыць у Пана, які кіруе намі. Не толькі кіруе намі, але суправаджае нас, ідзе разам з намі. Будзем слухаць з адкрытым розумам і сэрцам Яго Слова, каб умацоўваць нашу веру, асвятляць нашае сумленне і прытрымлівацца навучання Евангелля.

У гэту нядзелю мы молімся за пастыраў Касцёла, за ўсіх біскупаў, у тым ліку і за Біскупа Рыму, і за ўсіх святароў. Асабліва памолімя за новых святароў Рымскай дыяцэзіі, якім я ўдзяліў у базыліцы Святога Пятра святарскае пасвячэнне. Вітаю гэтых 13 святароў. Няхай Пан дапаможа нам, святарам, быць заўсёды вернымі Настаўніку і мудра кіраваць Божым народам, які нам даручаны. Таксама і вас, тут прысутных, прашу дапамагаць нам: дапамагаць нам быць добрымі пастырамі. Аднойчы я прачытаў вельмі прыгожы расказ, як Божы народ дапамагаў біскупу і святарам быць добрымі пастырамі. Напісаў гэта святы Цэзарыё з Арлес, святар першых стагоддзяў Царквы. Ён патлумачыў як Божы народ павінен дапамагаць пастыру і расказаў наступны эпізод: калі цяля галоднае ідзе да каровы, да маці, і бярэ ад яе малако. Але карова не дае яму адразу: здаецца, што хоча яго захаваць для сябе. І што робіць цялёнак? Сваім носам пхаецца да вымя каровы, каб атрымаць малако. Як прыгожая выява. “Так і вы - кажа гэты святы- павінны паводзіцца з пастырамі: заўсёды стукаць у іх дзвяры, да іх сэрца, каб далі вам малако дактрыны, малако ласкі і малако кіравання”. І я вас прашу: турбуйце святароў, усіх нас святароў, каб мы далі вам малако ласкі, дактрыны і кіраўніцтва. Турбуйце! Думайце пра гэту прыгожую выяву з цялёнкам, якое турбуе сваю маці, каб дала яму есці.

У гэтую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень малітваў за пакліканні. У пасланні на гэты дзень я нагадаў, што “кожнае пакліканне заўсёды патрабуе, каб выйсці з-за сябе самога, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллю” (нр.2). Таму пакліканне, каб ісці за Езусам з’яўляецца адначасова цікавым і стымулюючым. Каб яно зрэалізавалася заўсёды неабходна ўвайсці ў глыбокае сяброўства з Панам, каб жыць для Яго і з Ім.

Памолімся, каб таксама і ў наш час, шматлікія маладыя людзі пачулі голас Пана, які заўсёды падвяргаецца рызыцы быць задушаным шматлікімі іншымі галасамі. Памолімся за маладых людзей, магчыма хтосці з іх, прысутны на плошчы св. Пятра, пачуе гэты голас Пана, які кліча яго да святарства: памолімся за яго, калі ён тут і за ўсіх маладых людзей, якія былі ўжо пакліканыя.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.