2014-05-09 14:10:56

Святы Айцец аб патрэбе “місійнага Касцёла”


RealAudioMP3 На патрэбу місійнасці Касцёла ў яго евангелізацыйнай дзейнасці звярнуў увагу Пантыфік 9 мая 2014 г., сустракаючыся ў Ватыкане з членамі Папскіх місійных ініцыятыў. Гэта місійнасць палягае на мужным прыняцці выклікаў розных культур і поглядаў. Ён падкрэсліў, што прыярытэтам для Касцёла, па самой сваёй прыродзе місійнага, павінна быць служэнне ў любові бедным. Святы Айцец дадаў, што нават у наш час місія “ad gentes” (да язычнікаў) з’яўляецца рухаючай сілай “асноўнага дынамізму Касцёла”, якім ёсць абвяшчэнне Евангелля народам ва ўсіх кутках зямлі. На думку Францішка, евангелізацыя ў наш час вялікіх сацыяльных зменаў патрабуе Касцёла, які ідзе да людзей, які ўмее выйсці насустрач праблемам розных культур і перакананняў. Патрэбны Касцёл, які сам абнаўляецца і змяняецца праз сузіранне і пастаянны асабісты кантакт з Хрыстом праз сілу Святога Духа, сказаў Папа.

Для гэтага патрэбна мужнасць “ісці на ўсе ўскраіны, якія патрабуюць святла евангельскага духа”, лічыць Святы Айцец. Ён заклікаў не спыняцца перад абліччам асабістых слабасцяў, грахоў, і многіх іншых перашкод, якія ўзнікаюць на шляху абвяшчэння Евангелля. Папа заўважыў, што прыярытэтам Касцёла місійнага па самой сваёй прыродзе, з’яўляецца напоўненае любоўю служэнне ўсім. Паўсюдныя братэрства і салідарнасць з’яўляюцца чымсьці натуральным для яго жыцця і служэння ў свеце і для свету, нагадаў Папа. Ён падкрэсліў, што евангелізацыя павінна быць скіравана да ўсіх бедных, параненых і стомленых жыццём.

У гэтым кантэксце Папскія місійныя ініцыятывы з’яўляюцца прывілеяваным інструментам, лічыць Святы Айцец. Ён адзначыў вялікую патрэбу ў святарах, кансэкраваных асобах і свецкіх, якія з любові да Хрыста гатовыя выйсці на шлях евангелізацыі. Папа выказаў удзячнасць тым, хто задзейнічаны ў Ініцыятывах і падтрымлівае іх.







All the contents on this site are copyrighted ©.