2014-05-09 12:52:02

Папа заклікаў чыноўнікаў ААН да сапраўднай этычнай мабілізацыі


RealAudioMP3 Пантыфік сустрэўся 9 мая 2014 г. у Ватыкане з вядучымі службовымі асобамі устаноў, фондаў і праграм Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якія праводзяць у гэтыя дні ў Рыме сваю нараду. Ён падзякаваў сабраным за “намаганні дзеля забеспячэння міру ва ўсім свеце, павагі чалавечай годнасці, абароны самых бедных і найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, і гарманічнага эканамічнага і сацыяльнаага развіцця”. Але многае яшчэ “павінна быць дасягнута”, лічыць Пантыфік. Яго непакоіць тое, што “важная частка чалавецтва працягвае не мець доступу да пладоў прагрэсу і на самой справе аднесена да статусу грамадзян другога гатунку”. Устойлівае развіццё, падкрэсліў Папа, звязана наўпрост з рэальным вырашэннем пытання галечы і голаду, дасягненнем больш істотных вынікаў у абароне навакольнага асяроддзя, забеспячэннем годнай і прадукцыйнай працы для ўсіх, абаронай сям’і. Яно ўключае ў сябе супрацьстаянне розным формам несправядлівасці: “эканоміцы выключэння”, “культуры адходаў” і “культуры смерці”.

Францішак прывёў прыклад біблійнага Закхея, які пасля сустрэчы з Хрыстом прыняў радыкальнае рашэнне аднавіць справядлівасць. “Гэты ж дух павінен быць у пачатку і ў канцы ўсёй палітычнай і эканамічнай дзейнасці” і прывесці сучасных палітыкаў і фінансістаў да смелых рашэнняў, лічыць Папа. “Гісторыя Езуса і Закхея вучыць нас, што вышэй за эканамічныя і сацыяльныя сістэмы і тэорыі заўсёды будзе неабходнасць шчодрай, эфектыўнай і практычнай адкрытасці на патрэбы іншых”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заклікаў чыноўнікаў ААН да “сапраўднай этычнай мабілізацыі”, заснаванай на агульным для ўсіх ідэале братэрства і салідарнасці, асабліва ў адносінах да самых бедных і выключаных.







All the contents on this site are copyrighted ©.