2014-05-08 12:42:15

Францішак: касцёльная бюракратыя не павінна перашкаджаць евангелізацыі


RealAudioMP3 Папа Францішак перасцярог ад празмернай бюракратыі ў Касцёле, якая можа перашкодзіць евангелізацыйнай дзейнасці. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 8 мая 2014 г. Пантыфік пракаментаваў урывак з Кнігі Дзеяў Апосталаў пра навяртанне вяльможы эфіопскай каралевы Кандакі, якому паспрыяў апостал Філіп. Паводле Папы, у гэтым фрагменце прысутнічаюць тры важныя хрысціянскія рысы: паслухмянасць Святому Духу, здольнасць весці дыялог і давер да Божай ласкі. Францішка адзначыў, што апостал Філіп пачуў заклік Бога ісці да павозкі эфіопскага вяльможы і адразу яму падпарадкаваўся. “Пакінуў усё і пайшоў. Гэта дазваляе зразумець, што без паслухмянасці Божаму голасу ніхто не можа евангелізаваць, абвяшчаць Езуса Хрыста”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Філіп не прымушаў вяльможу прыняць Евангелле, але вёў з ім дыялог – паважаў духоўную адкрытасць свайго суразмоўцы, які чытаў урывак са Святога Пісання і не мог яго зразумець. “Нельга евангелізаваць без дыялога”, - сказаў Папа і дадаў, што неабходна заўсёды лічыцца з іншай асобай і прысвячаць час на тое, каб падзяліцца з ёй Добрай Навінай.

Словы апостала Філіпа выклікалі ў эфіопскага вяльможы жаданне прыняць хрост. Вучань Пана зрабіў гэта – “перадаў яго ў рукі Бога, Яго ласкі”, адзначыў Пантыфік. Францішак падкрэсліў, што Божая ласка важнейшая за бюракратыю, якая часта стварае перашкоды евангелізацыі, перашкаджае людзям сустрэцца з Богам. “Няхай Пан дапаможа нам зразумець гэта”, - пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.