2014-05-08 11:14:25

У Ватыкане размаўлялі пра змены клімату і глабальнае пацяпленне


RealAudioMP3 Папская акадэмія навук звярнула ўвагу палітыкаў і грамадзянскай супольнасці на важнасць вырашэння экалагічных праблем. У Ватыкане 2-6 мая 2014 г. прайшоў міжнародны сімпозіум, прысвечаны кліматычным зменам і праблеме глабальнага пацяплення. У форуме прынялі ўдзел навукоўцы з многіх прэстыжных універсітэтаў свету, у тым ліку тры нобелеўскіх лаўрэаты: Паўль Крутцэн, Марыа Маліна і Натаржан Раманатан. Усе яны згодныя ў тым, што змены клімату ў першую чаргу звязаны з наступствамі чалавечай дзейнасці.

Канцлер Папскай акадэміі навук, біскуп Марсэла Санчэс Саронда, нагадаў, што ад глабальнага пацяплення сёння пакутуюць каля 3 млрд. асоб – амаль палова чалавецтва. У той час, як гэта праблема ў большасці выпадкаў звязана са здабычай і пераапрацоўкай нафты, пакутуюць ад яе ў асноўным народы краін, якія не маюць на сваёй тэрыторыі вугляродаў і не карыстаюцца выгодамі ад іх здабычы і продажу. Большасць насельніцтва планеты “расплочваецца” за тое, што невялікая група багатых імкнецца абараніць уласныя інтарэсы, адзначыў ватыканскіх іерарх.

Паводле біскупа Саронды, важна каб чалавецтва ўсведамляла цяжар праблемы. Гэтаму павінны спрыяць міжнародныя сустрэчы на высокім узроўні і праца СМІ. Іерарх адзначыў, што сёння, на жаль, людзей больш хвалююць іншыя цяжкасці – звязаныя з эканомікай і беспрацоўем. Але экалогія мае фундаментальнае значэнне, бо тычыцца будучыні наступных пакаленняў, дадаў ён. Канцлер акадэміі навук адзначыў, што папа Францішак мае глыбокія веды аб праблемах у сферы навакольнага асяроддзя і іх наступствах; ён не выключыў магчымасці з’яўляення энцыклікі на гэту тэму, улічваючы важнасць з’явы.








All the contents on this site are copyrighted ©.