2014-05-08 13:25:24

Катэхізіс для моладзі “Youcat” дасягнуў тыраж 4,5 млн. асобнікаў


RealAudioMP3 Праз тры гады пасля з’яўлення на выдавецкім рынку каталіцкага катэхізіса для моладзі “Youcat” яго тыраж дасягнуў 4,5 млн. асобнікаў. Паводле ініцыятара яго выдання, нямецкага тэолага і журналіста Бернхарда Мойзера, гэта “самы буйны пасля Бібліі праект каталіцкай кнігі ў свеце”. Цяпер катэхізіс даступны на 30 мовах у 100 краінах. Падрыхтоўка да яго выдання вялася з 2006 г. пад рэдакцыяй арцыбіскупа Вены, кардынала Крыстафа Шонборна. Праект быў прымеркаваны да Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе ў 2011 г. і выйшаў на шасці мовах у якасці спецыяльнага падарунка для моладзі ад Папы.

“Youcat” складаецца з 527 пытанняў і адказаў. На больш чым 300 старонках на даступнай для моладзі мове ў ім апісваюцца прынцыпы каталіцкай веры. У працы над “Youcat” бралі ўдзел святары , тэолагі, катэхеты, а таксама больш за 60 маладых людзей.

За апошнія гады пад лагатыпам “Youcat” былі выдадзены кішэнныя календары, дапаможнігі для падрыхтоўкі да сакрамэнтаў канфірмацыі і пакаяння. У бліжэйшы час з’явіцца адаптаваны да патрэбаў маладых людзей так званы “сацыяльны катэхізіс” (“Docat”), а таксама катэхізіс для дзяцей (“Kids’Cat”) і Біблія для моладзі. У падрыхтоўцы зместу гэтых публікацый удзельнічаюць не толькі тэолагі, але і маладыя людзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.