2014-05-07 12:31:13

Трэба прасіць у Бога аб дары рады


RealAudioMP3 Прасіць у Бога аб дары рады, заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 7 мая 2014 г. Менавіта гэтаму дару Святога Духа прысвяціў сваю катэхезу Пантыфік. “Мы ведаем наколькі важна, асабліва ў самыя далікатныя моманты мець магчымасць разлічваць на парады людзей мудрых і любячых нас. Праз дар рады сам Бог са сваім Духам асвятляе наша сэрца і, такім чынам, дазваляе выбраць адпаведны спосаб прамаўляць і весці сябе, а таксама вызначыць шлях, па якім ісці”, - сказаў Папа. Паводле Пантыфіка, у момант, калі чалавек прымае Святога Духа, Ён адразу прыцягвае ўвагу да свайго голасу і набліжае чалавечыя думкі, пачуцці і інтэнцыі да Божага ўяўлення. “У той жа час, Святы Дух пастаянна падштурхоўвае кіраваць унутраны позірк на Езуса, як на прыклад для нашага спосабу дзеянняў і адносінаў з Богам Айцом і братамі. Рада – гэта дар, якім Святы Дух чыніць наша сумленне здольным рабіць канкрэтныя выбары ў адзінстве з Богам, паводле логікі Езуса і Яго Евангелля. Такім чынам, Дух дазваляе нам расці ўнутрана, пазітыўна, у адзінстве, і дапамагае не скаціцца да эгаізма”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, адкрыць каштоўнасць дару рады магчыма ў першую чаргу праз малітву. Ён заклікаў выкарыстоўваць любыя магчымасці для таго, каб размаўляць з Богам, напрыклад, весці ўнутраны дыялог з Ім у сэрцы ідучы па вуліцы ці знаходзячыся ў транспарце.

“Праз блізкасць з Богам і слуханне Яго слова паступова адставім у бок нашу асабістую логіку, якая кіруецца закрытасцю, забабонамі і амбіцыямі, і навучымся пытацца ў Пана: чаго Ты жадаеш? Прасіць парады ў Пана ў малітве. Такім чынам у нас будзе сталець глыбокае сугучча, амаль натуральнае, са Святым Духам, і мы пераканаемся, наколькі праўдзівымі з’яўляюцца словы Езуса, перададзеныя ў Евангеллі паводле св. Мацвея: “Не турбуйцеся , як або што казаць, бо дадзена будзе вам ў тую гадзіну, што сказаць. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што дар рады з’яўляецца скарбам для ўсёй хрысціянскай супольнасці, таму што Бог прамаўляе не толькі ў сэрцы, але таксама “праз голас і сведчанне братоў”. “Сапраўды, вялікім дарам з’яўляецца сустрэча з людзьмі веры, якія асабліва ў самыя складаныя і важныя моманты нашага жыцця дапамагаюць асвятліць наша сэрца і пазнаць волю Пана”, - сказаў Пантыфік.

Папа падзяліўся гісторыяй, якая з імі здарылася ў марыйным санктуарыі ў Лухан, недалёка ад Буэнас-Айрэса. Падчас споведзі да яго падышоў малады чалавек, сітуацыя якога, паводле Святога Айца, была “вельмі сур’ёзнай”. Ён прызнаўся, што прыйшоў у санктуарый паслухаўшы параду сваёй маці, якая рэкамендавала звярнуцца за дапамогай да Найцвяцейшай Панны Марыі. Хлопец сказаў Францішку: “Я паглядзеў на Маці Божую і пачуў, што павінен рабіць так, так і так”. “Гэта дар рады”, - заключыў Папа і заклікаў прасіць аб ім у Бога.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік прывітаў сем’і швейцарскіх гвардзейцаў, якія 6 мая 2014 г. склалі прысягу на вернасць Святому Айцу, а таксама пілігрымаў з Польшчы, якім нагадаў, што ў 2016 г. плануе наведаць іх радзіму ў рамках Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.