2014-05-04 13:00:22

Пантыфік: Святое Пісанне і Эўхарыстыя – неад’емныя для сустрэчы з Панам


RealAudioMP3 Калі адчуваем сябе смутнымі і прыгнечанымі неабходна звярнуцца да Божага слова і прыступаць да Камуніі, лічыць папа Францішак. З такім заклікам Святы Айцец звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра, каб прыняць удзел у малітве “Regina Caeli”. “Евангелле гэтай нядзелі, якая з’яўляецца трэццяй Велікоднай, апавядае пра вучняў з Эмаус, – адзначыў Папа – Яны былі двума вучнямі Езуса, якія пасля Яго смерці і мінання суботы, пакінулі Ерузалем і вярталіся, сумныя і прыгнечаныя, у сваю вёску, якая называлася Эмаус. На дарозе ўваскрослы Езус наблізіўся да іх, але яны Яго не пазналі. Убачыўшы іх смутак, Ён напачатку дапамог ім зразумець, што мука і смерць Месіі былі прадугледжаны Божым планам і абвешчаны яшчэ ў Святым Пісанні; і такім чынам зноў запаліў полымя надзеі ў іх сэрцах. У той момант, двое вучняў адчулі незвычайнае захапленне гэтым таямнічым чалавекам і запрасілі Яго застацца з імі на вячэру. Езус пагадзіўся і ўвайшоў у іх дом. І калі сядзеў з імі за сталом, благаславіў хлеб і паламаў яго. Тады яны Яго пазналі, але Ён стаў нябачным для іх, пакінуўшы іх поўнымі здзіўлення. Пасля таго, як былі асветлены словам, пазналі ўваскрослага Езуса ў ламанні хлеба – новым знаку Яго прысутнасці. Адразу ж адчулі патрэбу вярнуцца ў Ерузалем, каб падзяліцца з іншымі вучнямі сваім досведам, тым што сустрэлі жывога Езуса і пазналі Яго ў гэтым жэсце ламання хлеба.

Дарога ў Эмаус стала сімвалам нашага шляху веры: Святое Пісанне і Эўхарыстыя – гэта неад’емныя элементы для сустрэчы з Панам. Таксама і мы часта прыходзім на нядзельную св. Імшу з нашымі турботамі, цяжкасцямі і расчараваннямі... Жыццё часам нас раніць і мы ідзем сумныя да нашага “Эмауса”, паварочваючыся спіной да Божага плану. Аддаляемся ад Бога. Але нас сустракае Літургія слова: Езус тлумачыць нам Святое Пісанне і запальвае ў нашых сэрцах цяпло веры і надзеі, а ў Камуніі дае сілы. Слова Божае, Эўхарыстыя: чытаць кожны дзень фрагмент Евангелля. Памятайце добра: чытаць кожны дзень фрагмент з Евангелля, а ў нядзелю прыступаць да Камуніі, прымаць Езуса. Так стала і з вучнямі з Эмаус: яны прынялі слова; раздзялілі ламанне хлеба і з сумных і прыгнечаных, якімі сябе адчувалі, сталі радаснымі. Заўсёды, браты і сёстры, Слова Божае і Эўхарыстыя напаўняюць нас радасцю. Памятаеце пра гэта добра! Калі смутны – вазьмі Божае слова. Калі прыгнечаны – вазьмі Божае слова і ідзі на нядзельную св. Імшу, каб прыняць Камунію, каб удзельнічаць у таямніцы Езуса! Слова Божае, Эўхарыстыя напаўняюць радасцю.

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі, памолімся каб кожны хрысціянін, перажываючы досвед вучняў з Эмаус, асабліва падчас нядзельнай св. Імшы, зноў адкрыў для сябе ласку перамяняючай сустрэчы з Панам уваскрослым, які заўсёды з намі. Заўсёды ёсць слова Божае, якое дае нам накірунак пасля таго, як сыходзім за шляху; і для нашых стомленасці і расчараванняў заўсёды ёсць паламаны Хлеб, які дазваляе ісці наперад".








All the contents on this site are copyrighted ©.