2014-05-03 14:16:28

Францішак: адкрыць дзверы парафій, каб Езус выйшаў да людзей


RealAudioMP3 “Цудоўнай касцёльнай рэчаіснасцю” назваў папа Францішак рух маладых свецкіх вернікаў “Каталіцкая акцыя”. Каля 7 тыс. удзельнікаў і кіраўнікоў яго італьянскага аддзялення Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI 3 мая 2014 г. Звяртаючыся да сваіх гасцей Пантыфік у першую чаргу адзначыў неабходнасць умацавання місійнага аспекту ў дзейнасці арганізацыі. “У актуальным сацыяльным і касцёльным кантэксце, вы свецкія вернікі “Каталіцкай акцыі” пакліканы аднавіць місійны выбар, адкрыты на гарызонты, якія Дух указвае Касцёлу”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца парадыгма “Каталіцкай акцыі” – місійная. Пантыфік адзначыў, што ў ініцыятывах “Каталіцкай акцыі” маюць патрэбу парафіі, асабліва тыя, якія “пазначаны стомленасцю і закрытасцю”, а такіх, паводле Папы, шмат. “Гэтыя парафіі патрабуюць вашага апостальскага энтузіязма, вашай поўнай адкрытасці і вашага крэатыўнага служэння. Гаворка ідзе пра набыццё місійнага дынамізму неабходнага, каб дасягнуць усіх, аддаючы перавагу тым, якія адчуваюць сябе самай далёкай і найбольш слабой і забытай часткай насельніцтва. Гаворка ідзе пра тое, каб адкрыць дзверы і дазволіць Езусу выйсці. Часта мы маем Езуса, закрытага ў парафіях з намі. Не выходзім самі і не дазваляем выйсці Яму. Адкрыйце дзверы, каб Ён выйшаў!”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў маладых вернікаў мець блізкія адносіны з Езусам, каб умацоўвалася евангельскае сведчанне; заклікаў ісці насустрач іншым людзям і радавацца ў Пану “спяваючы аб веры”.

Рух “Каталіцкая акцыя” быў заснаваны ў 1905 г. на падставе энцыклікі Пія Х “Il fermo proposito”, у якой Пантыфік зрабіў некаторыя канкрэтныя прапановы адносна дзейнасці свецкіх вернікаў перад абліччам існуючых сацыяльных праблем.








All the contents on this site are copyrighted ©.