2014-05-03 12:47:32

Святы Айцец да біскупаў Шры-Ланкі: працаваць дзеля міра і дыялога


RealAudioMP3 Шры-Ланка патрабуе евангельскага зачыну, адзначыў папа Францішак у пасланні да каталіцкіх іерархаў гэтай краіны, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане у рамках візіту “ad limina Apostolorum” 3 мая 2014 г. Святы Айцец нагадаў, што пасля доўгіх гадоў грамадзянскай вайны Шры-Ланка вяртаецца да міру, а яе жыхары імкнуцца пачаць новае жыццё. Паводле Папы, яшчэ трэба правесці шмат працы на карысць прымірэння, павагі да правоў чалавека і пераадолення напружанасці паміж прадстаўнікамі розных этнасаў у гэтай краіне. Пантыфік пажадаў, каб Касцёл спрыяў гэтым мэтам і працаваў на карысць адзінства, каб прадстаўнікі розных народнасцяў маглі супольна вучыцца, працаваць і наведваць адныя і тыя ж парафіі. “Вера можа дапамагчы стварыць атмасферу дыялога для будавання больш справядлівага грамадства”, - падкрэсліў папа Францішак.

Паводле Святога Айца, аблічча Касцёла ў Шры-Ланцы – міласэрнае. Ён нагадаў пра каталіцкія ініцыятывы па пераадоленні наступстваў цунамі ў 2004 г., а таксама на карысць аднаўлення мірнага жыцця пасля грамадзянскай вайны. Сёння Папа заклікаў працягваць працаваць у сферы адукацыі, медыцыны і дапамогі бедным. “Бедныя не павінны быць забытымі, нельга пагадзіцца з існаваннем пашыраючайся няроўнасці”, - сказаў Папа і заклікаў біскупаў спрыяць будаванню больш уважлівага і адкрытага грамадства.

Пантыфік адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялога ў Шры-Ланцы. Ён заклікаў не паддавацца імкненню рэлігійных экстрэмістаў аб’яднаць краіну на фальшывай падставе адной рэлігіі, што ўжо прывяло да напружанасці і насілля. Неабходна лічыцца з рэлігійнай разнастайнасцю краіны і захоўваць добрыя адносіны з прадстаўнікамі розных веравызнанняў, перакананы Папа.

Святы Айцец заклікаў біскупаў Шры-Ланкі быць “айцамі” уважлівымі да чалавечай, інтэлектуальнай, духоўнай і душпастырскай фармацыі святароў, якія могуць зрабіць уклад у спрыянне прымірэнню і дыялогу. Папа адзначыў важнасць клопату аб сем’ях, супрацоўніцтва з уладамі і іншымі рэлігійнымі лідэрамі краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.