2014-05-03 13:28:18

Пантыфік наведае рымскую клініку "Джэмеллі"


RealAudioMP3 Папа Францішак высока цэніць і падтрымлівае дзейнасць Каталіцкага ўніверсітэта Святога Крыжа, гаворыцца ў пасланні кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, скіраваным ад імя Пантыфіка 3 мая 2014 г. Нагодай для звароту да кіраўніцтва і студэнтаў адной з самых буйных навучальных устаноў Еўропы стала правядзенне Дня Каталіцкага ўніверсітэта Святога Крыжа, які будзе адзначацца ўжо ў дзевяносты раз 4 мая 2014 г. У пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара адзначаецца, што Касцёл заўсёды меў вялікую ўвагу да пытанняў аб сэнсе, праўдзе і поўнай рэалізацыі, якія ўздымае моладзь, а каталіцкія навучальныя ўстановы даюць на іх кваліфікаваныя адказы. Асаблівым чынам ён адзначыў ролю Каталіцкага ўніверсітэта Святога Крыжа у дзейнасці якога злучаюцца навуковая строгасць і вернасць навучанню Касцёла.

Папа Францішак жадае, каб універсітэт працягваў быць жывым і эфектыўным сведкам працы Касцёла на карысць новых пакаленняў. Таксама, паводле кардынала Параліна, Святы Айцец высока цэніць уклад Каталіцкага універсітэта ў супольнае дабро, прыкладам чаго з’яўляецца дзейнасць рымскай клінікі “Джэмеллі”, якая адначасова з’яўляецца факультэтам медыцыны і хірургіі гэтай навучальнай установы і “аказвае хворым дапамогу на найвышэйшым навуковым узроўні сканцэнтраваную на годнасці чалавечай асобы”. Пантыфік выказаў жаданне сустрэцца з хворымі і персаналам клінікі “Джэмеллі”, напісаў кардынал Дзяржсакратар.

Каталіцкі ўніверсітэт Святога Крыжа быў заснаваны ў 1921 г. групай каталіцкіх святароў і навукоўцаў. Яго галоўная сядзіба знаходзіцца ў Мілане. На сённяшні дзень ва ўніверсітэце дзейнічае 12 факультэтаў, якія даюць адукацыю ў розных сферах натуральных і гуманітарных навук.








All the contents on this site are copyrighted ©.