2014-05-02 12:45:48

Францішак: няхай у футболе эканамічны фактар не дамінуе над спартыўным


RealAudioMP3 “Калі быў хлопцам, я часта хадзіў на стадыён, і маю аб гэтым добрыя ўспаміны”, - адзначыў папа Францішак падчас аўдыенцыі для футбалістаў клубаў “Напалі” і “Фіарынціна”, якія 3 мая 2014 г. сустрэнуцца ў фінальнай гульні за Кубак Італіі, арбітраў гэтага матчу і кіраўніцтва італьянскай Вышэйшай футбольнай лігі. У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Звяртаючыся да сваіх гасцей, Святы Айцец падкрэсліў, што футбол у Італіі, як і ў Аргентыне і многіх іншых краінах, з’яўляецца “сацыяльным фактам, які патрабуе грамадскай адказнасці з боку футбалістаў, на полі і па-за ім”, а таксама з боку чыноўнікаў на нацыянальным і мясцовым узроўнях. Францішак падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі з дзяцінства, калі разам з блізкімі мог наведваць стадыён у выходныя. “Я б хацеў пажадаць, каб футбол і кожны іншы з папулярных відаў спорту, аднавілі сваё святочнае вымярэнне”, - адзначыў Пантыфік. Ён заўважыў, што сёння футбол набыў шмат элементаў бізнес-сферы, звязаных з рэкламай і арганізацыяй тэлетрансляцый. “Але эканамічны фактар не павінен дамінаваць над спартыўным”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на асаблівую сацыяльную адказнасць футбалістаў. “Вы знаходзіцеся ў цэнтры ўвагі і многія вашы прыхільнікі, гэта маладыя або вельмі маладыя людзі. Лічыцеся з гэтым, думайце пра тое, што стыль вашых паводзінаў мае водгук, і добры і кепскі. Будзьце па-сапраўднаму спартыўнымі!”, - заклікаў Францішак.

Паводле Святога Айца, спорт мае ў сабе моцную выхаваўчую каштоўнасць, неабходную для росту асобы: росту асабістага – у гармоніі цела і душы, а таксама для росту сацыяльнага – у салідарнасці, законнасці і павазе. “Няхай футбол заўсёды развівае гэты патэнцыял!”, - сказаў Папа і пажадаў “цудоўнага спартыўнага свята”, якім стане маючы адбыцца фінал Кубка Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.