2014-05-01 11:08:01

“Евангелле працы” паводле папы Францішка


RealAudioMP3 1 мая Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Юзафа, рамесніка, які быў устаноўлены папам Піем ХІІ у 1955 г., каб надаць хрысціянскі сэнс Міжнароднаму дню працы. Тэма працы вельмі блізкая папе Францішку і аб праблемах звязаных з гэтай сферай жыцця і дзейнасці чалавека ён не аднойчы казаў на працягу першага года свайго пантыфікату. Паводле Святога Айца, калі грамадства арганізавана такім чынам, што ў ім не ўсе маюць магчымасць працаваць – яно несправядлівае. Пантыфік моцна крытыкуе існуючую эканамічную сістэму, якая прывяла да з’яўлення амаль 200 млн. беспрацоўных у свеце. “Гэта эканоміка забівае”, - падкрэсліў ён ў сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля). У сакавіку 2014 г., сустракаючыся з дэлегацыяй сталеліцейнага завода з італьянскага горада Тэрні, Папа адзначаў, што прычына вялікага беспрацоўя – у існаванні ідала, імя якому – грошы. На алтар яму прыносяцца чалавечыя лёсы і годнасць асобы. “Калі не хапае працы, гэта годнасць становіцца параненай! Беспрацоўныя ці тыя, чыёй працай злоўжываюць, рызыкуюць апынуцца на ўскраіне грамадства, стаць ахвярамі сацыяльнай адчужанасці. Часта здараецца так, што людзі без працы – я думаю у першую чаргу пра беспрацоўную моладзь – трапляюць у хранічную роспач, ці яшчэ горш, у апатыю”, - казаў тады Папа.

Францішак часта ўказвае на праблему новых форм рабства, звязаных з гандлем людзьмі. Да гэтай тэмы ён звяртаўся 1 мая 2013 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. “Колькі людзей ва ўсім свеце з’яўляюцца ахвярамі гэтага віду рабства, калі асоба служыць працы, у той час як праца павінна служыць людзям надаючы ім годнасць. Прашу братоў і сясцёр у веры і ўсіх людзей добрай волі зрабіць рашучы выбар супраць гандлю людзьмі, у якім фігуруе рабская праца”, - казаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што Касцёл не павінен заставацца “на ўзбочыне барацьбы за справядлівасць”, таму што існуе патрэба ў “прароцкім голасе” у асяроддзі, дзе бедных прымушаюць маўчаць, а багатыя “не жадаюць адмаўляцца ад сваіх прывелеяў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.