2014-05-01 11:17:35

У Беларусі адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтэка


RealAudioMP3 Ужо ў маі ў Беларусі распачнуцца ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтэка. Успамінаць легендарнага чалавека, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і першага кардынала ў Беларусі будуць па ўсёй краіне. Але галоўныя мерапрыемствы пройдуць у Пінскай дыяцэзіі, служэнню якой іерарх прысвяціў усё сваё жыццё. Эстафету памяці распачне горад Баранавічы, у якім прайшлі яго маладыя гады, падзяліўся Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. “З гэтым горадам звязана маладосць кардынала, тут ён хадзіў у гімназію, атрымаў сакрамэнт бежмавання з рук першага біскупа Пінскага Зігмунда Лазінскага, якому ён прыпісвае сваё пакліканне да святарства. Святкаванне 100-годдзя кардынала адбудзецца таксама ў Брэсце. Вядома, што першыя папскія кароны на беларускія абразы ўсклаў кардынал Казімір Свёнтэк, і першым быў каранаваны абраз Берасцейскай Маці Божай”, - сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Урачыстасці ў Брэсце адбудуцца 28 чэрвеня 2014 г., у гэты дзень на беларуска-польскай мяжы будуць сустракаць і крыж Сусветных дзён моладзі як сімвал веры. Для Беларусі ж сімвалам непахіснай веры да гэтага часу з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк. Ён нарадзіўся ў 1914 г. і сутыкнуўся з выпрабаваннямі яшчэ ў маленстве – сям’я была саслана ў Сібір. Кардынал Свёнтэк яшчэ не раз аказваўся асуджаным – спачатку на смерць, а потым на 10 гадоў катаргі ГУЛАГу. Аднак заўсёды заставаўся верным Хрысту і Касцёлу.

Аднаўленне Пінскай катэдры і дзейнасці Пінскай духоўнай семінарыі ў постсавецкі час – усё гэта плёны працы кардынала Казіміра Свёнтэка, паведаміў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. “Для Пінска кардынал Казімір Свёнтэк – гэта ўвогуле сімвал каталіцызма, трывання падчас ночы атэізму і адраджэння. Каля 80% адноўленых касцёлаў, а ў Гомельскай вобласці ўсе 100% касцёлаў і парафій, прыходзіцца менавіта на гады служэння іерарха ў Пінскім касцёле”, - адзначыў ён.

Пачаўшы біскупскае служэнне ў 77 гадоў, Казімір Свёнтэк паспеў зрабіць шмат: аднаўленне структур Касцёла, абарона правоў вернікаў, прадстаўніцтва Каталіцкага Касцёла Беларусі на міжнародным узроўні. За мужнасць, ахвярнасць і пастырскі талент папа Ян Павел ІІ уручыў карыдналу Свёнтэку ўзнагароду “Сведка веры”.

4-5 верасня ў Баранавічах пройдзе св. Імша падзякі за яго самаадданае служэнне, на якую запрошаны біскупы з Прыбалтыкі і Польшчы. Цікава, што многія з іх асабіста і добра ведалі беларускага кардынала. 6 верасня яго асобу і служэнне будуць успамінаць у Гомелі. Урачыстасці з нагоды юбілея працягнуцца да глыбокай восені – у Пінскай катэдры ўжо 26 кастрычніка збяруцца духавенства, манаскія асобы і вернікі з усёй Беларусі, каб ушанаваць светлую памяць кардынала. Ён 3 гады таму адышоў у вечнасць, але да гэтага часу як быццам побач.







All the contents on this site are copyrighted ©.