2014-05-01 10:57:33

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння: не забывацца пра спадчыну Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Навучанне Бэнэдыкта XVI з’яўляецца для Касцёла каштоўнай спадчынай, пра якую не можна забыцца толькі таму, што яго пантыфікат закончыўся. Гэта багацце веравучэння, якое, з аднаго боку, шырока вядомае і ацэненае, а з другога, чакае на адкрыццё ва ўсёй сваёй паўнаце і глыбіні. Так аб важнасці дактрынальнай спадчыны Папы на пенсіі, падчас прэзентацыі зборніка яго выказванняў падчас Сінодаў Біскупаў, 30 красавіка 2014 г. у Рыме, выказаўся кардынал Герхард Людвіг Мюлер.

Выдадзеная ватыканскім выдавецтвам кніга “Ёзэф Ратцынгер – Бэнэдыкт XVI і Сінод Біскупаў” змяшчае ўсе яго сінадальныя выступленні, як кардынала і як Пантыфіка. На працягу 35 гадоў, пачынаючы з 1977 г., ён прыняў удзел у 20-ці біскупскіх асамблеях.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што дактрына зусім не стаіць у апазіцыі да практычнага жыцця Касцёла, але імкнецца захаваць змест нашай веры і ідэнтычнасці. Яна прадухіляе ад “затаплення” сур’ёзных для чалавека спраў у свайго роду “моры” нявызначанага і часовага. Кіраванне Касцёлам палягае, перш за ўсё, на прыняцці чалавека і надзяленні яго жыццём, якое зыходзіць ад Бога. Біскуп павінен наследаваць у гэтым Хрыста Добрага Пастыра. Менавіта гэтаму вучыў Бэнэдыкт XVI, засноўваючыся на досведзе свайго ўдзелу ў Сінодах Біскупаў. Гэта таксама прысутнічае ў навучанні папы Францішка, адзначыў кардынал Мюлер.







All the contents on this site are copyrighted ©.