2014-04-30 12:11:13

Дар розуму дапамагае зазірнуць у глыбіню Божых думак


RealAudioMP3 Прасіць Бога аб дары розуму, каб разумець жыццёвыя сітуацыі, як іх разумее Бог, заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 30 красавіка 2014 г. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу другому дару Святога Духа – розуму. “Гаворка ідзе не пра чалавечую разумнасць, інтэлектуальныя здольнасці, якімі можам быць надзеленыя ў большай ці меншай ступені. Але пра ласку, якую толькі Святы Дух можа выліць і якая стварае ў хрысціяніна здольнасць сягаць па-за знешні аспект рэальнасці, заглядаць у глыбіню Божых думак і яго план збаўлення”, - сказаў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў, што святы апостал Павел, звяртаючыся да Карынцянаў, вельмі добра апісаў плёны гэтага дару: “Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Нам жа Бог адкрыў праз Духа” (1 Кар 2,9-10).

“Гэта, канешне, не азначае, што хрысціянін можа зразумець і ўпоўні пазнаць планы Бога: усё гэта застаецца ў чаканні аб’яўлення ва ўсёй сваёй яснасці, калі апынемся ў прысутнасці Бога і па-сапраўднаму станем з Ім адным. Аднак, аб чым кажа само гэта слова, інтэлект дазваляе на “intus legere” – “глыбокае разуменне”. Гэты дар дазваляе разумець рэчы так, як іх разумее Бог, паводле Божага інтэлекту. Можна разумець сітуацыі паводле чалавечага розуму, з разважлівасцю, і гэта правільна. Але разумець глыбока, як разумее Бог, дазваляе менавіта гэты дар. І Езус пажадаў спаслаць нам Святога Духа, каб мы мелі гэты дар, каб мы ўсе маглі разумець рэчы, як разумее іх Бог”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што дар розуму блізка звязаны з верай. “Калі Святы Дух жыве ў нашым сэрцы і асвятляе наш розум, тады дазваляе дзень за днём узрастаць у разуменні таго, што Пан сказаў і ўчыніў”, - адзначыў ён і дадаў, што тут маецца на ўвазе таксама разуменне навучання Езуса, Божага слова.

Папа нагадаў, што ў Евангеллі паводле св. Лукі ёсць фрагмент, які “вельмі добра выказвае глыбіню і сілу” дару розума – апавяданне пра сустрэчу Езуса з вучнямі па дарозе ў Эмаўс. “Пасля таго, як сталі сведкамі крыжовай смерці і пахавання Езуса, двое Яго вучняў, расчараваныя і прыгнечаныя , выйшлі з Ерузалема, каб вярнуцца ў сваю вёску пад назвай Эмаўс. На шляху да іх наблізіўся Езус уваскрослы і пачаў разамаўляць з імі, але іх вочы, затуманеныя смуткам і адчаем, былі не ў стане яго пазнаць. (...) Калі, аднак, Пан тлумачыў ім Пісанне, каб зразумелі, што Ён павінен быў пакутаваць і памерці, каб затым уваскрэснуць, іх розум адкрыўся, а ў сэрцах заяснела надзея. Гэта тое, што робіць Святы Дух у нас – адкрывае наш розум, каб мы лепш разумелі Божыя і чалавечыя справы, сітуацыі, усё. Дар розуму вельмі важны для нашага хрысціянскага жыцця”, - сказаў Папа. Ён заклікаў вернікаў прасіць Бога аб дары розуму, каб добра разумець усё, што здараецца навокал, але, перш за ўсё, спасцігаць Божае слова ў Евангеллі.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, вітаючы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, Папа звярнуўся да пілігрымаў з Польшчы, многія з якіх засталіся ў Рыме пасля кананізацыі Яна Паўла ІІ. Францішак заклікаў іх жыць сведчаннем веры, надзеяй, любоўю і даверам да Божай міласэрнасці па прыкладу святога суайчынніка.








All the contents on this site are copyrighted ©.