2014-04-30 12:59:50

Біскуп Антоні Дзям’янка: беларускім сем’ям не хапае малітвы


RealAudioMP3 Восенню 2014 г. у Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам сям’і, на якім будзе прысутнічаць і прадстаўнік епіскапату Беларусі, яго старшыня біскуп Аляксандр Кашкевіч. Актыўная падрыхтоўка да Сінода ідзе ўвесь год – мясцовым Касцёлам трэба вызначыць стан сучаснай сям’і, выклікі, з якімі яна сутыкаецца, і шляхі пераадолення праблем, у тым ліку патэнцыял Касцёла, які можа дапамагчы ў іх вырашэнні. Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі існуе Рада па справах сям’і, прадстаўнікі з кожнай дыяцэзіі сустракаюцца некалькі разоў у год. Адна з галоўных праблем сучаснага беларускага грамадства – разводы. У працэнтных адносінах па колькасці сужэнстваў, якія распадаюцца, краіна знаходзіцца на другім месцы ў свеце. Па выніках 2013 г. кожная чацвёртая сям’я ў Беларусі падае на развод.

Адна з глыбокіх прычын такой з’явы – адсутнасць малітвы ў сям’і, лічыць Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, адказны па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Падчас абавязковай патрыхтоўкі да сужэнства кандыдатам – будучым мужу і жонцы – даюць магчымасць пазнаць саміх сябе, свой тэмперамент і адчуць тую адказнасць за іншага, якая наступіць пасля шлюбу. Бо адбітак накладае і XXI стагоддзе – час інфармацыйных тэхналогій, мітусні і прафесійнай рэалізацыі любым коштам.

“Як гэта ўсё ўпарадкаваць? Як знайсці час і для градмадскіх абавязкаў, і для сям’і, і для дзяцей? Гэта вялікая адказнасць. А вера ў Бога і Хрыста, а таксама прыналежнасць да Касцёла, дапамагаюць у такой канцэнтрацыі – асабліва нядзеля, калі бацькі разам з дзецьмі ідуць у Касцёл. Гэта ўмацоўвае сужэнства. Бо калі ёсць канфлікты, мы можам іх вырашыць не толькі сваімі сіоамі. Усе мы ходзім пад нашым Створцам, і за ўсе нашыя словы, думкі і дзеянні мы будзем адказваць перад Ім. Але і таксама ўсе нашыя намаганні і спробы ўмацаваць сям’ю Бог бачыць”, - падкрэсліў іерарх.

З іншага боку ў Беларусі існуе добры прыклад сям’і, якая грунтуецца на традыцыях: гістарычна беларускія сем’і былі моцнымі і вялікімі, заўсёды падтрымлівалася добрая сувязь пакаленняў, нагадаў біскуп Дзям’янка. Праўда, зараз з-за ўнутранай міграцыі з вёсак у гарады адносіны паміж старэйшымі і малодшымі ўсё ж такі слабеюць. Гэта пытанне таксама паўстае на пасяджэннях Рады па справах сям’і.

Увогуле сямейнымі праблемамі ў Беларусі займаюцца як касцёльныя ўстановы, так манаскія супольнасці і каталіцкія рухі і арганізацыі. Сямейныя пытанні абмяркоўваюць на моладзевых сустрэчах, падчас велікапосных рэкалекцый і іншых адмысловых мерапрыемстваў, паведаміў біскуп Антоній Дзям’янка. “Мы заўсёды звяртаем увагу на тое, што грамадства і Касцёл будуць моцнымі, калі будзе моцнай сям’я, калі будзе дух ахвярнасці панаваць у сем’ях, паміж мужам і жонкай, паміж дзецьмі і старэйшым пакаленнем. Прыклад нам паказаў Езус Хрыстус сваёй альтруістычнай любоўю, бескарысным служэннем кожнаму чалавеку. І гэта ахвярнасць пануе ў сапраўдных сем’ях”, - адзначыў іерарх у інтэрв’ю Беларускай праграме Ватыканскага радыё.

Усе гэтыя пытанні паўстаюць не толькі перад беларускімі сем’ямі, з імі сутыкаюцца ва ўсім свеце, лічыць біскуп. Таму і важна будзе на Сінодзе падзяліцца думкамі і аб’яднаць намаганні ў вырашэнні праблем, большая частка якіх ляжыць у духоўнай плоскаці. Каб дапамагчы кожнай сям’і быць шчаслівай і моцнай.







All the contents on this site are copyrighted ©.