2014-04-29 11:00:58

Рада кардыналаў для дапамогі Папе ў кіраванні Касцёлам сабралася ў Ватыкане


RealAudioMP3 Васьміасабовая Рада кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам у гэтыя дні праводзіць сваё пасяджэнне ў Ватыкане на тэму рэформы Рымскай курыі. Гэта ўжо чацвёртая сустрэча групы з моманту яе стварэння; яна працягнецца да серады 30 красавіка 2014 г. Яе працу каардынуе кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марадзьяга з Гандураса. Асноўная тэма цяперашняй сустрэчы – будучыня папскіх рад і магчымыя структурныя змены ў іх.

Раду кардыналаў яшчэ чакае шмат працы і не належыць спадзявацца, што яна будзе завершана ў бягучым годзе, паведаміла 29 красавіка 2014 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

28 красавіка іерархі заслухалі даклад старшыні Папскай камісіі па эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, прафесара Джозэфа Захры, адносна пэўных сфер дзейнасці, якія былі прааналізаваны гэтым органам. 29 красавіка была разгледжана сітуацыя вакол Папскіх рад. Спачатку былі прадстаўлены агульныя разважанні, а затым была абмеркавана кожная з іх. Зала Друку паведаміла, што наступнае чатырохдзённае спатканне групы адбудзецца 1-4 ліпеня 2014 г.

Падчас папярэдніх спатканняў заснаванай 13 красавіка 2013 г. Рады кардыналаў абмяркоўваліся ў першую чаргу правілы працы і паўнамоцтвы Сінода Біскупаў, а затым дзейнасць існуючых дзевяці кангрэгацый. Падчас трэцяй нарады ў лютым кардыналы займаліся фінансавымі пытаннямі Ватыкана. Праз некалькі дзён пасля яе папа Францішак вырашыў стварыць Сакратарыят па эканамічных пытаннях пад кіраўніцтвам аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла. Таксама паўстала Рада па эканамічных пытаннях на чале з кардыналам Рэйнхардам Марксам, старшынёй нямецкага епіскапату. Два названых пурпураты з’яўляюцца членамі Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.







All the contents on this site are copyrighted ©.