2014-04-29 11:19:24

Пілігрымы з Беларусі пасля кананізацыі Пантыфікаў: адчулі еднасць з Паўсюдным Касцёлам


RealAudioMP3 На кананізацыю двух Пантыфікаў – Яна Паўла ІІ і Яна XXIII – у Рым прыехалі некалькі соцень пілігрымаў з Беларусі. І сёння, калі яны ўжо знаходзяцца на дарозе дамой, эмоцыі адыходзяць на другі план, а прыходзіць асэнсаванне той падзеі, сведкамі якой ім пашчасціла стаць. Радасць, духоўны уздым і ахвяра – вось тое галоўнае, што перажыла Ганна Сёмчык з Мінска падчас прабывання ў пілігрымцы, і што яна зараз вязе да сваіх блізкіх.

“Рэдка такое адбываецца, каб прайшла кананізацыя адразу двух Пантыфікаў. Ахвара была тая, што мы цэлую ноч стаялі на плошчы. Мы былі такія змучаныя, мала што разумелі, але стаялі і радаваліся. І мы сапраўды перажылі радасць, мы бліжэй падышлі да алтара, бачылі святароў і біскупаў і вельмі радаваліся. Нават адна з сясцёр з Польшчы сказала нам, якія ж вы шчаслівыя, што пабывалі тут у такі час. Бо мы былі ля магілы Яна Паўла ІІ. Гэта падзея для нас вялікае шчасце”, - сказала верніца парафіі св. Антонія ў Мінску.

Папа Ян Павел ІІ, хоць многія не сутракалі яго асабіста, для ўсіх асоба вельмі блізкая. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна мы чулі яго прамовы, чыталі яго энцыклікі, удумваліся ў кароткія і глыбокаасэнсаваныя словы, а сёння ён – святы. І кожны з пілігрымаў, якія пабывалі на кананізацыі, вязе з сабой з Ватыкану пачуццё прысутнасці Яна Паўла ІІ у сваім жыцці, прызналася Аліна Кандрацікоўская з Мінска. Адчуць еднасць з Паўсюдным Касцёлам, убачыць адрозненне паўсядзённага існавання ад адчування супольнасці, дзе ёсць сапраўдная ўсеабдымная любоў і ўзаемадапамога, незалежна ад узросту, статуса і краіны, нават у няпростых умовах чакання і мільённага натоўпу – гэта тое, што стала адкрыццём для кожнага пілігрыма, прызналася жанчына перад ад’ездам з Вечнага горада.

“Мы ўбачылі, наколькі глыбокая вера ў людзей. Мы ўбачылі гэта, калі сутракалі іх. Асабліва сем’і з дзецьмі, бачна няўзброенным вокам, як адрозніваюцца адносіны ў гэтых сем’ях, што рэлігія дае ласку кожнай сям’і, калі чалавек перажывае гэта глыбока. Столькі людзей было, так цесна, але ўсе дапамагаюць адзін аднаму: ваду прыносяць, саступаюць, прапускаюць, ціха і спакойна прайшло гэта мерапрыемства. Для таго, каб вось гэтыя добрыя рысы прачнуліся, трэба быць у такіх месцах. Каб для сябе нешта ўзяць, бо кожны ехаў са сваёй мэтай, але і зразумець, што тут можна ўзяць усё лепшае, што ёсць у людзях”, - прызналася жанчына.

Вялікую ўдзячнасць пілігрымы з Беларусі выказалі і сваім суправаджаючым святарам, якія ні на хвіліну не пакідалі групы і прайшлі разам увесь шлях пілігрымкі, хоць, магчыма, і маглі карыстацца на ўрачыстасцях нейкімі прэферэнцыямі. Для ксяндза Ірэнэўша Копача гэта падарожжа было вельмі значным, асоба Яна Паўла ІІ адыграла ролю ў яго асабістым жыцці. Яшчэ ў 1976 г. падчас набажэнства для студэнтаў, якое праводзіў тады яшчэ карынал Караль Вайтыла, святар упершыню адчуў пакліканне да святарства. Потым часта ён сустракаў Пантыфіка на розных мерапрыемствах, нават цэлебраваў разам з ім св. Імшу. Таму проста не мог не прыехаць на яго кананізацыю, падчас якой нават перажыў “маленькі” цуд праз заступніцтва Яна Паўла ІІ: знайшоўся яго згублены ў Рыме мабільны тэлефон, што было амаль не магчыма пры такім скапленні людзей.

“Кананізацыя – вельмі значная падзея, якую нам яшчэ трэба будзе асэнсаваць. Таксама прамова папы Францішка падчас яе была вельмі простай, але глыбокай. Ён нагадаў, што трэба дакрануцца да ран Езуса Хрыста. Бо гэтыя два Пантыфікі сапраўды зрабілі гэта, і мы таксама зразумелі шлях свайго жыцця – трэба дакрануцца да ран Езуса Хрыста і для нас гэта таксама было адкрыццём”, - адзначыў святар.

Рэха кананізацыі Пантыфікаў будзе гучаць ва ўсім свеце, у сэрцы кожнага верніка, які стаў сведкам гэтай падзеі. Падзеі, якая ўмацавала веру і дала новы імпульс – да асабістай святасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.