Біскуп Алег Буткевіч: “Касцёл бедны і для бедных” умее ўласцівым чынам карыстацца
матэрыяльнымі сродкамі
Біскуп Віцебскі Алег
Буткевіч лічыць, што матэрыяльныя сродкі патрэбныя Касцёлу для добрага выканання яго
місіі ў гэтым свеце. Але сённяшняму свету патрэбны Касцёл бедны і для бедных, як неаднойчы
заяўляў папа Францішак. Гэта пачуццё і стан беднасці палягае на тым, што Касцёл “не
канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым,
што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце”, “у першую чаргу разлічвае на Божую дапамогу і
Провід і ўмее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі для выканання свайго
задання”, адзначыў пастыр Віцебскай дыяцэзіі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага
радыё.
Эксцэленцыя, віншую Вас с біскупскім прызначэннем. Скажыце, як
Вам – быць біскупам?
Яшчэ не шмат часу прайшло, каб акрэсліць
цалкам дакладна. Але напэўна першае, што чалавек адчувае – гэта вялікая адказнасць
за даручаных людзей. З’явілася новае заданне, але, выконваючы яго, варта было б паглядзець
назад, асэнсаваць тое, што адбылося і ўтварылася ў дыяцэзіі. Напэўна, было зроблена
шмат. Не заўсёды тое, што ёсць на сённяшні момант, дасягнула дасканалага ўзроўню,
ёсць яшчэ шмат пытанняў, якія трэба вырашыць. Пытанняў шмат. Прыйшоў час, і гэта добры
час, каб абраць накірунак, які дапаможа ўтрымаць тое добрае, што было зроблена раней,
і знайсці метады і прынцыпы, якія дапамогуць у сучасным свеце і сучасных умовах абвяшчаць
Евангелле ў нашай краіне.
Калі Вас прызначылі Біскупам Віцебскім,
у размовах з журналістамі Вы адзначылі, што ў першую чаргубудзеце
займацца арганізацыяй дыяцэзіяльнай курыі. І на гэта некаторыя сказалі, што новы біскуп
зробіць акцэнт на адміністраванні, на бюракратычнай складаючай. Ці так гэта?
Паколькі
кожная структура, а Касцёл з’яўляецца структурай, для сваёй працы і жыццяздольнасці
патрабуе ўмовы, то згодна з маім заданнем, якое я бачу, з патрабаваннямі, якія перад
мной ставяць час і ўмовы, патрэбна курыя, якая добра функцыянуе. І справа не ў тым,
каб займацца нейкімі выключна бюракратычнымі пытаннямі. Гэта, перш за ўсё, стварэнне
той структуры, якая б дапамагла ў нармальнай працы самой дыяцэзіі, у функцыянаванні
душпастырства, у вырашэнні тых пытанняў, якія ўзнікаюць. Гэта тыя рэчы, без чаго не
магчыма нармальнае развіццё і жыццё, перш за ўсё, святароў, іх праца. І калі ўжо ідзе
мова пра стварэнне нейкай структуры, курыі, то ў тым сэнсе, каб была такая сістэма,
якая дапамагае ў нармальнай працы душпастыра, дыяцэзіі і Касцёла.
Ёсць
малазаўважаны праз СМІ і, магчыма, таксама праз касцёльнае
асяроддзе факт – у Віцебскай дыяцэзіі некалькі тыдняў таму паўстала новая структура
(новая не толькі на ўзроўні дыяцэзіі, але і Касцёла ў Беларусі)
– была створана Эканамічная рада, якая павінна дапамагаць біскупу ў фінансавых
аспектах кіравання дыяцэзіяй. Наколькі важная гэта падзея і ўвогуле эканамічная складаючая
жыцця Касцёла?
У кожнай галіне дзейнасці фінансавае пытанне – складанае
з аднаго боку, з другога – пытанне, якое патрабуе празрыстасці, каб фінансавыя сродкі,
у выпадку Касцёла, прыносілі карысць і спрыялі душпастырскай працы. Эканамічная рада
патрэбна, каб пытанні такога кшталту не ўскладаліся на плечы выключна біскупа. Я лічу
лагічным крокам стварэнне такой структуры, якая дапамагала б вырашаць фінансавыя пытанні
і вырашэнне іх было б празрыстым, зразумелым, лагічным. Як мне падаецца, на дадзеным
этапе развіцця Касцёла і нашай дыяцэзіі знешняя дапамога дзеля таго, каб стварыць
патрэбныя структуры, базу для дзейнасці, напэўна яшчэ патрабна. Але я не магу сказаць,
што сітуацыя Касцёла ў нас настолькі крытычная, што мы не маглі б карыстацца тым патэнцыялам,
які існуе ўнутры яго. Гэта пытанне арганізацыі і пошуку, адкрыцця гэтага патэнцыялу,
яго выкарыстання. І таму стварэнне гэтай эканамічнай камісіі – спроба і крок у гэтым
накірунку, каб патэнцыял, які існуе ў Касцёле ў Беларусі, нейкім чынам выкарыстоўваць
і шукаць нейкія магчымасці для нармальнага функцыянавання Касцёла ў нашай краіне.
Вельмі цытуюць у апошні час словы папы Францішка, што нам патрэбны “Касцёл
бедны і для бедных”. Ці ўпісваецца гэта формула ў кантэкст Касцёла ў Беларусі, ці
можа яна прыжыцца ў нас?
Формула Папы вынікае з “Нагорнага казання”
Езуса, дзе Ён кажа пра тое, што благаслаўлёныя ўбогія, бо ім належыць Валадарства
Нябеснае. Такім чынам Папа хоча звярнуць увагу ў наш час на тое, што Касцёл не павінен
страціць сваёй місіі – весці чалавека да Божага Валадарства. І ў гэтым выпадку матэрыяльныя
сродкі Касцёла могуць стаць перашкодай, калі мы зоймемся іх пошукам у якасці мэты.
Матэрыяльныя сродкі могуць быць толькі дапамогай для выканання асноўнай місіі Касцёла.
І ўбогасць – гэта стан Касцёла, які не канцэнтруецца ў першую чаргу на матэрыяльным
баку жыцця, але ўмела карыстаецца тым, што дае Бог чалавеку ў гэтым свеце. Таму ўбогі,
Касцёл або чалавек, гэта той, які ў першую чаргу разлічвае на Божую дапамогу і Провід
і ўмее ўласцівым чынам карыстацца матэрыяльнымі сродкамі для выканання свайго задання.
Эксцэленцыя,
вялікі дзякуй за размову. Яна сканцэнтравалася сёння напытаннях эканамічнага
кшталту, але паколькі мы чамусьці часта баімся і нават саромеемся гэтых пытанняў,
магчыма, настаў час, каб іх задаць. Таму, я Вам вельмі ўдзячны за шчырасць і адкрытаць
у размове на гэтую тэму.