2014-04-28 11:44:20

Крыж Сусветных дзён моладзі наведае сёлетнія Будслаўскія ўрачыстасці


RealAudioMP3 У Беларусь прыбудуць сімвалы Сусветных дзён моладзі – крыж і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”, якія ўжо шмат гадоў з’яўляюцца нязменнымі “удзельнікамі” міжнароднага моладзевага форуму. Сотні тысяч пілігрымаў, якія прыязджаюць у краіну яго правядзення, могуць дакрануцца да гэтых святынь і перад імі памаліцца. Але зусім хутка такая магчымасць з’явіцца ў беларускіх вернікаў, якім не пашчасціла да гэтага часу пабываць на Сусветных днях моладзі, – адбудзецца перэгрынацыя крыжа і абраза па дыяцэзіях Беларусі, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Гэта падзея адбудзецца ў канцы чэрвеня і завяршыцца ў палове ліпеня. Важным з’яўляецца тое, што на гэты час прыпадаюць урачыстасці Маці Божай Будслаўскай і Маці Божай Тракельскай. І гэты крыж будзе там. І важна тое, што ён будзе ў Будславе. Набажэнствам, якое адбудзецца 4-5 ліпеня, мы будзем завяршаць юбілейны год прыбыцця Будслаўскага абраза Маці Божай. І мы будзем завяшаць яго з гэтым крыжом. Гэта вельмі важна. І я так мяркую, што крыж нашы пілігрымы ўнясуць на руках у Будслаў”, - сказаў іерарх.

Сімвалы Сусветных дзён моладзі завітаюць у Беларусь у рамках падрыхтоўкі да моладзевага форуму, які пройдзе ў 2016 г. у польскім Кракаве. Перэгрынацыя па Беларусі – падзея знакавая, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Паўсюдны Касцёл перажывае Год веры, а сімвалам нашай веры з’яўляецца крыж. Тым больш у Беларусі, як частка праграмы Года веры, праходзіць акцыя па аднаўленні крыжоў.

“Нашы бацькі падчас пераследу веры хавалі крыжы, і сёння многія людзі прыносяць крыжы, дзесьці адкапваюць з зямлі і зноў усталёўваюць іх на вежах касцёлаў, цэркваў, адкуль калісьці яны былі зкінуты. Крыж заўсёды з’яўляецца знакам хрысціянства. Мы ставім іх на скрыжаваннях дарог, носім на шыі, вешаем на сценах нашых дамоў. І таму, калі такі славуты крыж, які пабываў на ўсіх кантынентах і многіх краінах свету, прыбудзе ў Беларусь – гэта добры знак”, - адзначыў іерарх.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў адзін выпадак, сведкам якога стаў сам. У 1993 г. у амерыканскім Дэнверы, дзе адбываліся Сусветныя дні моладзі, падчас Крыжовага шляху надышла бура. І крыж пачаў моцна хістацца. Тады да яго, цалкам спантанна, падбеглі некалькі маладых людзей і ўтрымалі крыж ад падзення. Для арцыбіскупа, гэта быў сімвалічны ўчынак, які ўрэзаўся ў памяць як сведчанне веры сучаснай моладзі. Таму і маладым вернікам у Беларусі будзе карысна прабыванне ў краіне гэтай святыні.

“У нас таксама шмат бураў секулярных, антырэлігійных. З аднаго боку мы бачым адраджэнне веры, а з другога, наступае дэхрысціянізацыя. Гэта таксама бура і трэба быць моцнымі ў веры. Тады моладзь паказала гэта, і хацелася, каб наша моладзь дакранулася да гэтага крыжа, ішла за ім, малілася перад ім. Як нашыя дзяды захавалі веру, каб і наша моладзі, ужо ў новых абставінах – з аднаго боку ва ўмовах свабоды веравызнання, а з другога боку – секулярных тэндэнцый – змагла не адмовіцца ад сваёй веры, яе захаваць і ўмацаваць”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Прадстаўнікам Польшчы крыж і абраз ужо былі перададзены ў Пальмовую нядзелю ў Рыме. У Беларусі яшчэ абмяркуюць ньюансы сустрэчы святыні і правядзенне адмысловага набажэнства ў Будславе.







All the contents on this site are copyrighted ©.