Аўтар кананізацыйнага партрэта Яна Паўла ІІ: мне дапамог бляск у вачах Папы
“Ян Павел ІІ быў добрым
чалавекам. Яго жыццё – гэта фенамен, фенамен дабра, з якога кожны можа зачарпнуць
для сябе”, - адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё шматгадовы
“папскі” фатограф і аўтар афіцыйнага кананізацыйнага партрэта Пантыфіка Гжэгаж Галонзка.
Ён лічыць шчасцем той факт, што спаткаў Папу і мог непасрэдна знаходзіцца з ім, тым
больш – назіраць за ім праз аб’ектыў фотакамеры. Фатограф прызнаўся, што толькі раз
у жыцці асабіста падарыў свой альбом Яну Паўлу ІІ. Свае іншыя працы ён пераказваў
Святому Айцу праз яго асабістых сакратароў. Але ў снежні 2003 г. падчас яго сустрэчы
з супрацоўнікамі Рымскай курыі ў яго была магчымасць падысці да Пантыфіка і коратка
з ім паразмаўляць. Менавіта тады Папа сказаў фатографу: “Дзякуй за альбомы”. “Я думаю,
што мае працы яму ўсё ж такі падабаліся”, - сказаў Гжэгаж Галонзка. Фатограф прызнаўся,
што, калі рыхтавалася беатыфікацыя Яна Паўла ІІ, ён прадставіў 3-4 здымкі ў якасці
прапановы для афіцыйнага партрэту. “Мае здымкі былі вельмі добра падрыхтаваныя і апрацаваныя.
Тым больш, камісія, якая ажыццяўляла адбор, ужо была добра знаёмая з маімі працамі.
Гэта, канешне, быў фотамантаж, але гэты здымак спадабаўся экспертам. Было некалькі
прапаноў, але абралі маю працу”, - распавёў “папскі” фатограф.
Здымак для кананізацыйнага
партрэту быў зроблены 18 лютага 1989 г., калі Ян Павел ІІ знаходзіўся з візітам у
адной з рымскіх парафій. Гэта была сустрэча з 6-7-гадовымі дзецьмі. Яны задавалі Святому
Айцу пытанні. І адсюль быў гэты бляск у вачах Папы, які прасочваецца на кананізацыйным
партрэце. Фатограф не памятае дакладна абставін, якія суправаджалі выкананне гэтага
фота, і не можа вызначыць, якая гэта была рымская парафія. На здымку Папа апрануты
ў чырвоную пелерыну, звычайны элемент вопраткі Святога Айца падчас італьянскай зімы.
Гжэгаж
Галонзка паходзіць з Польшчы. Фатаграфіяй займаецца з дзевяці гадоў, калі атрымаў
сваю першую камеру ў падарунак. Ён не мае прафесійнай адукацыі ў сферы фатаграфіі.
У 1984 г. паехаў у Італію, дзе яму было даручана зрабіць альбом пра Монтэ-Касіна.
Менавіта тады ён распачаў намаганні атрымаць афіцыйную акрэдытацыю для працы ў Ватыкане,
бо адной з яго мараў было фатаграфаванне Святога Айца. Гэту акрэдытацыю хутка ўдалося
здабыць. З таго часу Гжэгаж Галонзка стаў адным з самых вядомых “папскіх” фатографаў.