2014-04-25 16:24:34

Ватыкан: паштовая марка да 125-годдзя Чарлі Чапліна


RealAudioMP3 Ватыканскае філатэлістычнае і нумізматычнае бюро выпусціла паштовую марку прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння вялікага кінаакцёра, сцэнарыста, кампазітара і рэжысёра Чарлі Чапліна. Яна з’явіцца ў продажу 20 мая 2014 г. На марцы змешчаны чорны-белы фотаздымак акцёра ў яго самым знакамітым вобразе – “Валацугі” з кароткімі чорнымі вусамі, у шляпе і з іранічнай усмешкай. Кошт адной маркі – 70 еўрацэнтаў.

У каментары філатэлістычнага бюро адзначаецца, што ў свой час Чарлі Чаплін здолеў паказаць несправядлівасць сучаснага грамадства праз апавяданне аб прыгодах камічнага персанажа. “Чарлі Чаплін зрабіў фундаментальны ўнёсак у трансфармацыю кінематографа з простага забаўляльнага відовішча ў новы сродак камунікацыі, здольны распавесці і выказаць сітуацыі і падзеі вялікай і глыбокай складанасці”, - адзначаецца ў паведамленні. Падкрэсліваецца таксама, што выпуск паштовай маркі да 125-годдзя знакамітага акцёра з’яўляецца належнай данінай чалавеку, праца якога адлюстравалася на гісторыі ўсяго кінематографа.








All the contents on this site are copyrighted ©.